Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непажаданыя іншаземцы ў Літве. Сёлета сярод іх 224 беларусы, летась быў 1421. Некаторых вывезьлі прымусова


Папярэджаньне на літоўска-беларускай мяжы: «Не рызыкуй уласнай бясьпекай — ня едзь у Беларусь, можаш не вярнуцца»
Папярэджаньне на літоўска-беларускай мяжы: «Не рызыкуй уласнай бясьпекай — ня едзь у Беларусь, можаш не вярнуцца»

Ад студзеня па жнівень 2024 году ў Літве не дазволілі жыць і працаваць амаль 36 тысячам іншаземцам і анулявалі 11,5 тысячы часовых дазволаў на жыхарства — у 3,3 раза больш, чым за той жа пэрыяд 2023 году.

Ад студзеня па жнівень 2024 году ў Літве не дазволілі жыць і працаваць амаль 36 тысячам іншаземцам і анулявалі 11,5 тысячы часовых дазволаў на жыхарства — у 3,3 раза больш, чым за той жа пэрыяд 2023 году.

Часта гэта адбываецца таму, што спэцслужбы бачаць у знаходжаньні іншаземцаў у краіне пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Паводле Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы, апошнім часам маштабы дзейнасьці і ўзровень пагрозы, якая ідзе ад расейскіх спэцслужбаў, найвышэйшыя з моманту аднаўленьня незалежнасьці дзяржавы. Актыўную дзейнасьць вядуць таксама беларуская і кітайская выведкі.

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Літвы Арналдас Абрамавічус паведамляў, што цяпер прашэньні беларусаў аб прытулку правяраюць больш старанна праз пагрозу інфільтрацыі агентаў КДБ Беларусі. «Мэтады працы рэжыму могуць быць рознымі — гэта могуць быць людзі, укаранёныя з самага пачатку. Можа быць, рэжым выявіў нейкія слабыя месцы, зьвязаныя з блізкімі, сваякамі, маёмасьцю», — тлумачыў ён.

Цяпер грамадзян Расеі і Беларусі, якія маюць або калі-небудзь мелі сувязі зь дзяржаўнымі структурамі, могуць дэпартаваць зь Літвы, нягледзячы на наяўнасьць у гэтай краіне працы, сям’і або бізнэсу. У групу рызыкі трапляюць былыя вайскоўцы-кантрактнікі, дзяржаўныя службоўцы, у тым ліку паліцыянты/міліцыянты, настаўнікі, работнікі прадпрыемстваў зь дзяржаўным удзелам і зьвязаных з абаронай. Можна паспрабаваць абскардзіць адмову ў судзе, але большасьць падобных справаў разьвязваюцца на карысць дзяржавы.

Ад жніўня 2022 году ў Літве ўступілі ў сілу новыя папраўкі да Закону аб праўным статусе іншаземца. Згодна зь імі, Дэпартамэнт міграцыі, атрымаўшы хадайніцтва іншаземца аб выдачы яму дазволу на жыхарства (ДНЖ) у Літоўскай Рэспубліцы, а таксама прымаючы рашэньне аб прытулку ці часовай абароне для іншаземца, абавязаны атрымаць ацэнку ДДБ і паліцыі аб адсутнасьці пагрозы дзяржаўнай бясьпецы і грамадзкаму парадку ад гэтага чалавека і толькі пасьля гэтага можа выдаваць ДНЖ. Акрамя таго, ДДБ, даведаўшыся, што ўладальнік ДНЖ ці візы нясе такую пагрозу, неадкладна інфармуе міграцыйную службу, і тая цягам тыдня анулюе адпаведныя дакумэнты. Зь лета 2022 года ДДБ рэгулярна рассылае іншаземцам анкеты для ацэнкі гэтай пагрозы.

Адвакат Рэмігіюс Рынкявічус ня раз меў справу зь людзьмі ў пытаньні запаўнення гэтай анкеты. Ён кажа, што менавіта праз ацэнку ДДБ міграцыйная служба анулюе ДНЖ ці адмаўляе ў выдачы ДНЖ беларусам. Паводле яго, сярод іх ёсьць удзельнікі пратэстаў 2020 году, якія зазналі рэпрэсіі, але працавалі некалі ў дзяржаўных установах ці нават проста служылі ў войску па прызыве.

Прадстаўнік Дэпартамэнту міграцыі Літвы Рокас Пукінскас паведаміў Радыё Свабода, што на 24 верасьня анулявана 12266 дазволаў на жыхарства. Зь іх 5988 з прычыны таго, што ці інфармацыя, пададзеная атрымальнікам, была недакладнай, ці дакумэнты былі атрыманыя ашуканскім чынам або падробленыя. Ці былі сур’ёзныя прычыны меркаваць, што заключаны шлюб або партнэрства — фікцыйны, або ўсынаўленьне фікцыйнае, або іншаземец ёсьць ўдзельнікам, кіраўніком або чальцом калегіяльнага органу кіраваньня ці нагляду фікцыйнага прадпрыемства, або яго жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы можа несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку ці здароўю насельніцтва. Яшчэ 4325 ДНЖ ануляваныя ў сувязі з скасаваньнем працоўнай дамовы.

ДНЖ скасавалі 3021 беларусу, 1993 украінцам, 1930 узбэкам, 1071 таджыку, 1020 кіргізам.

Агулам замежных грамадзян, у тым ліку ўцекачоў з Украіны, якія жывуць у Літве, каля 220 тысяч. У першым паўгодзьдзі самая шматлікая дыяспара была ўкраінская — больш за 76 тысяч чалавек, звыш паловы зь якіх уцекачы. 10 тысяч украінцаў за першыя шэсьць месяцаў 2024 году пакінулі Літву. На 1 ліпеня ў Літве жылі 62,5 тысячы грамадзян Беларусі, 15,5 тысячы расейцаў, 10,2 тысячы грамадзян Узбэкістану і 7 тысяч — Таджыкістану.

Як паведаміў літоўскі тэлеканал ТВ3, летась ДДБ прызнаў пагрозай Літве 1421 беларуса з тых, што жылі ў краіне. У інтэрвію тэлеканалу міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце заявіла, што сёлета такіх было 224 чалавекі. Як вынікае зь яе словаў, некаторых з гэтага спісу давялося прымусова вывозіць зь Літвы ў Беларусь. Паводле яе, на гэты момант ёсьць 9 выпадкаў, калі Служба аховы дзяржаўнай мяжы прымусова выслала такіх беларусаў зь Літвы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG