Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сто бардаў свабоды» — на дыску, і тры — на сцэне


31 сакавіка ў малой залі канцэртнага комплексу «Менск» мае быць супольны канцэрт музыкаў Андрэя Плясанава, Зьмітра Бартосіка і Сержука Сокалава-Воюша. Наведвальнікаў канцэрту чакае сюрпрыз — Радыё Свабода прэзэнтуе мультымэдыйны дыск «Сто бардаў свабоды». Дыск выйшаў у выдавецкай сэрыі «Бібліятэка свабоды. XXI стагодзьдзе».

Дыск, які будзе прэзэнтавацца, — гэта працяг праграмы «Барды свабоды», якая гучала на нашым радыё зь верасьня 2008-га да верасьня 2010 году. Цягам гэтых двух гадоў сто беларускіх музыкаў прасьпявалі ў эфіры Радыё Свабода па пяць сваіх твораў. Песьні і гутаркі першых пяцідзесяці зьмешчаныя на мультымэдыйным дыску «Барды Свабоды», які радыё выдала ў 2010-м. У новым праекце да ранейшых паўсотні аўтараў дадалося яшчэ столькі ж.

Гэткім чынам, «Сто бардаў свабоды» — гэта пяцьсот песьняў беларускай свабоды. Але нават такая салідная лічба не адлюстроўвае ўсёй сучаснай бардаўскай творчасьці ў Беларусі, зазначае адзін з укладальнікаў дыска Зьміцер Бартосік.

Хоць на пачатку праграмы ўвосень 2008-га Зьміцер Бартосік моцна сумняваўся, што яна расьцягнецца ажно на 2 гады. А сёньня выдадзены дыск спадар Бартосік лічыць унікальнай зьявай у гісторыі сучаснай беларускай аўтарскай песьні.
У нас атрымалася міні-энцыкляпэдыя аўтарскай песьні Беларусі і, дзякуй Богу, яна няпоўная.

«Насамрэч, там сапраўды вельмі шыкоўны спэктар і тэмаў, і вершаў, і галасоў, і мэлёдый, і манераў выкананьня, і гульні на гітары. У нас атрымалася такая, можна сказаць, міні-энцыкляпэдыя аўтарскай песьні Беларусі і, дзякуй Богу, яна няпоўная».

На дыску апрача песьняў зьмешчаныя фота і біяграфічныя зьвесткі аўтараў, а таксама электронныя вэрсіі ўсіх кніг «Бібліятэкі свабоды».

У канцэрце возьмуць удзел толькі тры са ста бардаў свабоды.

Андрэй Плясанаў яшчэ з канца 60-х захапіўся рок-н-ролам, быў арганізатарам першых біт-фэстаў у Менску і процьмы рок-гуртоў. Ягоны гурт «P.L.A.N.» мае шэсьць паўнафарматных альбомаў.

Імя Зьмітра Бартосіка ўпершыню шырока загучала, калі ён стаў ляўрэатам фэстывалю «Аршанская бітва — 92». Сёньня ён аўтар двух CD-альбомаў — «Гандураскі сэрыял» і «Дарога на Вільню». Сам Зьміцер Бартосік лічыць галоўнай пэрсонай сёньняшняй вечарыны Сержука Сокалава-Воюша:

«Вядома, цьвік праграмы — гэта Сокалаў-Воюш, якога ня так часта, як хацелася б, можна бачыць у якасьці канцэртанта. Ён інтрыгуе тым, што прывёз новыя песьні і новыя вершы».

На гэты канцэрт аўтар дыскаў «Нефармальны беларус» і «Песьні лісоўчыкаў» Сяржук Сокалаў-Воюш прыляцеў зь Нью-Ёрку.

Пачатак канцэрту-прэзэнтацыі ў Малой залі к/з «Менск» а 19-й.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG