Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суіцыды могуць быць заразьлівымі й паўтаральнымі


Сьвятлана Курс, Менск Штогод мільён чалавек у сьвеце канчаюць жыцьцё самагубствам. Каля 10-20 млн. самагубцаў удаецца ўратаваць. Сярод краінаў з высокім узроўнем самагубстваў – Беларусь, дзе штогод больш за 3 тыс. чалавек робяць суіцыды і каля 30 тысячаў спрабуюць гэта зрабіць.

Доктар Ігар Сарокін – псыхіятар са шматгадовым стажам, працуе ў Менскім гарадзкім псыханэўралягічным дыспансэры. За жыцьцё перабачыў мноства людзей, якім зьнялюбела жыцьцё. Ён гаворыць, што ў беларускім грамадзтве шмат небясьпечных мітаў пра самагубства.

(Сарокін: ) "Самагубства ў мужчынаў сустракаецца ў 3-5 разоў часьцей, чым у жанчын, але ж жанчыны часьцей спрабуюць скончыць жыцьцё самагубствам. І іх спробы часьцей не даводзяцца да канца. Па вялікім рахунку, любы суіцыд – спроба прыцягнуць да сябе ўвагу. Адным зь мітаў ёсьць такі - “чалавек, які гаворыць пра самгубства, ніколі яго ня зьдзейсьніць”. Да чалавека, які зьдзяйсьняе парасуіцыд, павіннае быць такое ж сур’ёзнае стаўленьне, як і да чалавека, які зрабіў сабе сьмерць. Заявы жанчынкі свайму каханаму “Я атручуся, калі ты мяне кінеш!” – хто можа ўзяць на сябе такую адказнасьць, каб сьцьвярджаць, што гэта дэманстрацыя? 10% тых, хто зьдзяйсьняў парасуіцыд, урэшце гіне ад суіцыду. А 50% паўтараюць парасуіцыд”.

Доктар Сарокін перакананы, што суіцыды заразьлівыя, яны фармуюць у тых, хто побач, суіцыдальную мадэль паводзінаў.

(Сарокін: ) “Суіцыды – гэта заразная рэч. У маёй доктарскай практыцы спачатку адна пацыентка выкінулася ў акно, а літаральна праз два дні другая паляцела. Цяжкой дэпрэсіі не было ні ў адным, ні ў другім выпадку, проста ляжалі ў адным аддзяленьні”.

Спробаў самагубства ў 10-20 разоў болей за зробленыя самагубствы, а людзей, якія рэгулярна думаюць пра гэты спосаб вырашэньня праблемаў, яшчэ болей. Кожны самагубца пакідае па сабе ў сярэднім 8 родных і блізкіх людзей, якія атрымоўваюць душэўную траўму і засвойваюць мадэль суіцыдальных паводзінаў.

Доктар Сарокін падрыхтаваў памятку для журналістаў і проста для тых, хто гаворыць з кімсьці пра самагубства. Я пералічу найважнейшыя патрабаваньні. Ня варта даваць апісаньне спосабаў, дэталяў і абставінаў суіцыду, не рамантызаваць суіцыду, не прадстаўляць самагубства як нечаканасьць, што здарылася са здаровым чалавекам, распавядаючы пра суіцыд вядомага чалавека, не даваць аўтарытэту засланіць наяўнасьць псыхічных парушэньняў ці залежнасьці. Варта апавядаць пра тое, як чалавек здолеў пераадолець роспач і адмовіўся ад суіцыду, пра лячэньне дэпрэсіўных парушэньняў настрою, а таксама пра небясьпечныя фактары і пра знакі суіцыду, якія падае чалавек атачэньню.
XS
SM
MD
LG