Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чытаюць вязьні беларускіх турмаў?


У беларускіх турмах трымаюць болей за 40 тысяч вязьняў. Ці ёсьць у гэтых людзей магчымасьць чытаць кнігі і ўвогуле, што чытаюць за кратамі?


Вядомая беларуская пісьменьніца Вольга Іпатава пад Новы год атрымала ліст ад вязьня менскай калёніі Мікалая Аўтуховіча. Прадпрымальнік перадаў спадарыні Іпатавай падзяку за яе кнігу “Свабода да апошняга дыханьня”, якую ён прычытаў у турме. Вольга Іпатава кажа, што была шчасьлівая атрымаць такую рэцэнзію на свой твор з-за кратаў:
“Гэта мая кніга “Свабода да апошняга дыханьня”. Кніжка пра мае падарожжы па магілах славутых людзей, змагароў за свабоду Беларусі. Кніга патрапіла ў калёнію да Аўтуховіча і вось ён піша: “Кнігу Вольгі Іпатавай тут прачытала шмат людзей. Я даведаўся шмат цікавага. Яна апісвае некаторыя мясьціны, дзе я праяжджаў, але нават і ня ведаў, што там пахаваныя такія вядомыя асобы. Перадайце ёй вялікі дзякуй.”
У бібліятэцы менскай калёніі, дзе адбывае тэрмін Мікалай Аўтуховіч, некалькі тысяч кніг. Пра гэта згадвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету Уладзімер Кудзінаў. Былы палітвязень сядзеў у гэтай калёніі пры канцы 1990-х. Запытваю ў спадара Ўладзімера: ці былі там кнігі на беларускай мове?
“Так, былі. Але, наколькі я ведаю тых людзей, у асноўным яны бралі кнігі на расейскай мове, большасьцю дэтэктывы”.
“Чытайце па-нашаму”
У часы зьняволеньня Уладзімера Кудзінава ў калёнію па падпісцы прыходзілі незалежныя выданьні: «Белорусская деловая газета», «Народная воля”. “Вязьні зачытвалі іх да дзірак”,– згадвае Кудзінаў. Зараз атрымаць гэтыя газэты немагчыма: “БДГ” закрылі, “Народную волю” не ўключылі ў каталёг падпісных выданьняў. А ці даходзяць ў калёніі замежныя газэты ці часопісы?
“Гэта немагчыма”,– кажа былы вязень калёніі ў пасёлку Даманава Івацэвіцкага раёну Валер Леванеўскі:
“Калі часопіс ці газэты не зарэгістраваныя ў Беларусі, у іх ўвогуле няма шанцаў. Хаця б гэта быў які часопіс пра аўтамабілі. Таксама няма шанцаў у перадруковак з інтэрнэту. І яшчэ не дапускаюць любы друкаваны тэкст, у тым ліку кнігу, на замежнай мове. Вось, прыкладам, мне дасылалі часопіс “Маgazynpolski” з артыкулам пра мяне – цэнзура не прапусьціла”.
Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, установа мусіць забясьпечыць ўмовы для атрыманьня асуджаным любой дазволенай законам карэспандэнцыі, уключна з замежнай. Але ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў на гэта кажуць: “У штаце няма перакладчыкаў”:
“Гэта абсалютна іх праблемы. У законе пра гэта ясна напісана, што павінны забясьпечыць атрыманьне карэспандэнцыі. Таму што хочаце рабіце, але вырашайце. Хай шукаюць перакладчыкаў”,– мяркуе Валер Леванеўскі.
Бібліятэчны дэфіцыт
У Беларусі болей за 20 калёній і турмаў, дзесяткі спэцкамэндатур, так званых “хімій”. Паводле закону, усе ўстановы мусяць мець бібліятэкі, бо без чытаньня немагчымы працэс “перавыхаваньня”. Але шмат пэнітэнцыярных устаноў бібліятэк ня мае, ці гэта бессыстэмныя зборы, якія бібліятэкай можна назваць умоўна. Валер Леванеўскі амаль год скаргамі ды акцыямі пратэсту “прабіваў” адкрыцьцё бібліятэкі ў Даманаўскай калёніі. За актыўнасьць быў пакараны арыштам ў ізалятары, але свайго дамогся: адміністрацыя дала згоду і выдаткавала вагончык. Праз знаёмых і журналістаў вязень абвясьціў збор кніг і хутка людзі прыслалі столькі, што ужо не хапала месца на паліцах.
У падобным становішчы апынуўся і былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін, які адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі “Віцьба-3”. Бібліятэка калёніі не задаволіла былога прафэсара і тады ён дамогся адкрыцьця бібліятэкі ў сваім атрадзе,– распавяла дачка палітыка Юля:
“У яго ужо каля 300 кніг і вельмі шмат выдач. Я не памятаю дакладна колькі, але тата казаў, што шмат чытаюць асуджаныя. Гэта кнігі з нашага дому, з дому дзядулі, з іншых месцаў. Мы туды дасылаем і часопісы, але большасьцю кнігі: мастацкую літаратуру, дэтэктывы, нават кнігі па філязофіі, ёсьць кнігі Васіля Быкава, ёсьць беларускі слоўнік. Тата для людзей гэта робіць, каб ім было лепш”.
Палітвязень Андрэй Клімаў сутыкнуўся з такой праблемай: у калёніі строгага рэжыму можна атрымаць толькі дзьве бандэролі за год. Таму Клімаў папрасіў знаёмых дасылаць яму кнігі заказным лістом і пазначаць на капэрце: “кніга”.
Апошняя надзея – на сьледчага?
Калі ў калёніях вязень можа зьвярнуцца па кнігу ў бібліятэку, то перасоўваньне па сьледчаму ізалятару забароненае і там арыштанты цалкам залежаць ад таго, ці прынясуць ім кнігі ахоўнікі. Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч згадвае: у “амэрыканцы”, сьледчай турме КДБ, бібліятэкі ўвогуле не было і кнігі перадавалі з рук ў рукі сукамэрнікі.
“А яшчэ згадваю: мог сьледчы прынесьці кнігу. Ня ведаю, адкуль ён браў. І ўжо што прынясе, тое і прынясе, не пад замову. Калі ў калёніі ёсьць бібліятэка ці нейкі вугалок, то ў сьледчым ізалятары нічога такога няма”.
Міхаіл Марыніч кажа, што час ў сьледчым ізалятары цягнецца вельмі марудна і вязьні рады любому друкаванаму слову – абы хоць чым заняцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG