Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка адлічаны з журфаку БДУ


Франак Вячорка пасьля адсідкі ў турме на Акрэсьціна
Франак Вячорка пасьля адсідкі ў турме на Акрэсьціна

Праз тры дні пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка наведаў новы будынак факультэту журналістыкі БДУ, загадам рэктара з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць” адлічаны студэнт 3 курсу згаданага факультэту Франак Вячорка. Сам студэнт, у якога сэсія ды вакацыі, на працягу якіх можна пераздаць іспыты, супалі з адбыцьцём 15-суткавага адміністратыўнага арышту пасьля акцыі салідарнасьці 16 студзеня, сапраўднай прычынай лічыць сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю.



Сёньня раніцай Франак Вячорка меў гутарку з дэканам факультэта журналістыкі Сяргеем Дубовікам, які і паведаміў яму навіну пра адлічэньне:

“Для мяне гэта проста шок. Часам ёсьць такія рэчы, да якіх ты гатовы, але адлічэньня, такога беспардоннага, неаргумэнтаванага, я проста не чакаў. Ужо падрыхтаваўся да таго, што буду пераздаваць, але дэкан кажа: усё, ужо ёсьць загад прарэктара — “за акадэмічную непасьпяховасьць”. Я кажу — як так? У мяне падвышаная стыпэндыя, выдатныя адзнакі, дыплёмы, граматы… “Ну, так атрымалася”, — адказвае. — “Вы выдавалі дакумэнты на адлічэньне?” — “Я, але я рашэньня не прымаў”.

Думаю, тут ініцыятыва значна вышэй. Лукашэнка, пабыўшы там, даў загад на зачыстку. І ініцыятыва тут ці КДБ, ці асобных клянаў, але гэта папросту мэтавая зачыстка. Бо мне ад самага пачатку давалі зразумець, што ад іх нічога не залежыць, а рашэньне ўжо прынятае наверсе. І гэта яшчэ адзін прыклад, што ніякай лібэралізацыі ні на журфаку, ні ў Беларусі няма. Цынізм толькі мацнее”.

Намесьнік дэкана факультэта журналістыкі Вольга Самусевіч патлумачыла, што ў зьвязку зь “неліквідацыяй акадэмічных запазычанасьцяў” студэнтам Вячоркам у рэктарат было накіраванае службовае паведамленьне. Паколькі на адным іспыце Вячорку паставілі “двойку”, на другім — “тройку”. У такім выпадку канчатковае рашэньне прымае рэктар:

“Сэсія завяршылася 24 студзеня. Пасьля сэсіі яшчэ вакацыі. У часе вакацыяў студэнты маюць права на пераздачу. Згодна з пастановай Мінадукацыі, на першы дзень заняткаў студэнты павінны быць ужо без запазычанасьцяў.

Франак ня змог зьявіцца на іспыты падчас сэсіі і прыйсьці на пераздачы ў той момант, калі былі гэтыя пераздачы. Калі ён зьвярнуўся да мяне, я сказала: пішыце заяву, мы вас дапусьцім да іспытаў. А паколькі на іспыт студэнт не зьявіўся, то, згодна з пастановай, яму залічваецца нездавальняючая адзнака.

Таму для аб'ектыўнасьці былі створаныя камісіі. Як правіла, ствараецца камісія зь ліку загадчыка катэдры, за якой замацаваная дысцыпліна, выкладчыка, у якога навучаецца студэнт, і аднаго зь вядучых дацэнтаў гэтай жа катэдры.

Адну камісію ўзначальвала Людміла Саянкова, загадчыца катэдры літаратурна-мастацкай крытыкі. Другую — загадчык катэдры Віктар Іўчанкаў. Быў пратакол, адзнакі аб'яўленыя. І пасьля камісіі – апошняй інстанцыі на факультэце – мы мусім даваць службовую”.

Загадчык катэдры стылістыкі і літаратурнага рэдагаваньня журфаку, дарадца міністра адукацыі, адзін з распрацоўнікаў новых правілаў артаграфіі і пунктуацыі Віктар Іўчанкаў выказаў зьдзіўленьне: чаму раптам Радыё Свабода такой “пэрсоне, як трэцякурсьнік Вячорка, аддае такую павагу і ўвагу”? Аргумэнт, што, маўляў, чалавек займаецца грамадзкай дзейнасьцю, не падзейнічаў:

“Калі займаецца грамадзкай дзейнасьцю, то якраз не хапае часу на вучобу. Вось гэта было якраз усяляк і зафіксавана. Чалавек быў затрыманы, пераздаваў іспыты, два экзамэны ня здаў. На базе ліцэйскай, канечне, можна здаць стылістыку ці мову. Я сапраўды прымаў у яго іспыт, і як трэцякурсьнік ён сябе нічым не праявіў. Праявіў толькі на нездавальняючую адзнаку. Вось у абойму на адлічэньне трапіў і Франак. Але я, як экзамэнатар, які прымаў у яго экзамэн, хачу сказаць, што ён ня справіўся з заданьнем. Быў тэст прапанаваны, пасьля вусны іспыт, і ён проста не адказаў на тое, што патрэбна. Вы ж самі памятаеце мае патрабаваньні і маю справядлівасьць”.

Як распавёў Франак Вячорка, на ягоным баку бальшыня студэнтаў і выкладчыкаў. Аднак уголас пакуль пра гэта могуць заявіць ня ўсе:

“Мая група ўжо пачынае зьбіраць подпісы, і потым будзе кампанія, умоўна кажучы, па дыскрэдытацыі тых выкладчыкаў, у прыватнасьці прафэсара Віктара Іўчанкава, якія ініцыявалі гэтыя ганебныя экзамэнацыйныя камісіі, якія не далі мне магчымасьці здаць праграму тых іспытаў, якія я прапусьціў падчас “адседкі” на Акрэсьціна. Менавіта ён назваў мяне “першым недастойным” студэнтам, які ня варты навучаньня ў БДУ, ня варты годнасьці студэнта БДУ”.

Карэспандэнт: “Пэрспэктыва навучаньня за мяжой — рэальная?”

“Я буду да апошняга дамагацца аднаўленьня тут, у тым унівэрсытэце, які я выбраў і які, здаецца, мяне падвёў. Калі не — то тады ў любы іншы ўнівэрсытэт Беларусі буду спрабаваць паступаць. Вядома, мяне чакае пэрспэктыва войска, як і ўсіх маладых людзей. І, ведаючы прыклад Жалезьнічэнкі, ужо неяк не па сабе. Магчымасьць навучаньня за мяжой застаецца ў любым разе, таму што вучыцца трэба. Але толькі ў скрайнім выпадку”.

Франак Вячорка – старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ, кіраўнік творчай ініцыятывы “Беларускі Гальфстрым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG