Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі мільярдэр Гуцэрыеў расказаў пра беларускі калійны праект, крыптавалюты і канцэрт для Лукашэнкі


Міхаіл Гуцэрыеў, архіўнае фота
Міхаіл Гуцэрыеў, архіўнае фота

Старшыня рады дырэктараў расейскага «Славкалия» і заснавальнік групы «Сафмар» мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў даў вялікае інтэрвію парталу Tut.by.

Паводле Міхаіла Гуцэрыева, Нежынскі горнаўзбагачальны камбінат, што ў Любанскім раёне, стаў найбуйнейшым праектам ягонай кампаніі на постсавецкай прасторы. Таму ён праводзіць нарады раз на два тыдні, спачатку ў офісе, на наступны дзень на будаўнічай пляцоўцы.

Васьмёрка расейскіх алігархаў з «крамлёўскага дакладу» ЗША, якія маюць інтарэсы ў Беларусі

Як кажа Гуцэрыеў, будаўніцтва адстае ад графіку на месяц, але ўжо заключаныя кантракты на 330 млн даляраў. Агульная цана праекту — 2 млрд даляраў, зь якіх 0,6 млрд дае «Сафмар», яшчэ 1,4 млрд — крэдыт Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю. На будоўлі цяпер працуе 380 чалавек, увосень мае працаваць ужо тысяча.

«У Беларусі запасаў хлёркалію хопіць на 300-500 гадоў, — кажа Гуцэрыеў. — Трымаць іх у зямлі столькі часу няма сэнсу. Гэта не ўзнаўляльныя запасы. Чым раней іх здабудзеш, тым лепш».

За карыстаньне беларускімі прыроднымі багацьцямі Гуцэрыеў пералічыў Беларусі празь Міністэрства фінансаў каля 120 млн даляраў, яшчэ абавязаўся інвэставаць у Беларусь 250 млн. Ужо інвэставана 180 млн — на гатэль «Рэнэсанс» у Менску, тэрмінал Нацыянальнага аэрапорту, бізнэс-цэнтар і базу адпачынку, якую некалі прынялі за новую рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.

База адпачынку і канцэрт для Лукашэнкі, але ня «Майбах» і не «ІТ-дэкрэт»

Гуцэрыеў расказвае пра базу як пра сваё лецішча, сьцьвярджае, нібы выкупіць базу Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта яму прапанаваў сам Лукашэнка, казаў: «Ты тут ужо пускаеш карані, хопіць матацца».

Разам з тым Гуцэрыеў расказаў, як зладзіў для Лукашэнкі канцэрт на «Стары Новы год» з удзелам расейскіх сьпевакоў Грыгорыя Лепса, Мікалая Баскава і Наташы Каралёвай. Паводле Гуцэрыева, ён атрымаў запрашэньне на прыём і «адразу патэлефанаваў некалькім знаёмым выканаўцам», а тыя пагадзіліся выступаць бясплатна — Баскаў нават нібы пакрыўдзіўся на прапанову грошай, бо Гуцэрыеў быццамнапісаў для яго «5-6 песень проста так».

На пытаньне аб тым, ці ня ён падарыў Лукашэнку на дзень народзінаў аўтамабіль «Майбах», Гуцэрыеў сказаў, што ніколі не дарыў Лукашэнку аўтамабіляў і наагул яму «нічога не дарыў па-за межамі пратаколу».

Гуцэрыеў заявіў, што каля 15 год таму Лукашэнка сказаў яму: «Міша, ты ведаеш, мне ад цябе нічога ня трэба. Я ў цябе ніколі нічога не прасіў і не прашу асабіста. Але калі ты недзе пабачыш, што ляжыць цагліна, падымі і прынясі яе ў Беларусь».

Пра тое, ці сапраўды ён зьвязаны з рашэньнем аб прыняцьці «ІТ-дэкрэту» (аб гэтым раней хадзілі чуткі), Гуцэрыеў не адказаў прама. Але пахваліў дэкрэт, празь які ў ягоных кампаніях у Беларусі расьце выручка. Паводле Гуцэрыева, Лукашэнку на дэкрэт «ніхто не ўгаворваў», але «гэта было сьмелае і геніяльнае рашэньне Аляксандра Рыгоравіча».

«Мо крыптавалюты і памруць, але ня ў гэтым сутнасьць дэкрэту»

Пахваліўшы «ІТ-дэкрэт», Гуцэрыеў адзначыў, што да такога нібыта «ніхто ў сьвеце не дадумаўся». Ён дадаў, што «крыптавалюты, быць можа, і вымруць зь цягам часу, але ня ў гэтым сутнасьць дэкрэту» — маўляў, сутнасьць у стварэньні ўмоваў для інвэстыцыяў і прыезду высокаякасных замежных спэцыялістаў.

«Мінфіну ня трэба турбавацца наконт гэтага закону, — казаў Гуцэрыеў пра „ІТ-дэкрэт“. — Калі нешта здарыцца, то заўсёды можна адрэгуляваць і выправіць заканадаўчымі актамі. Не выключаю, што могуць зьявіцца людзі, якія будуць злоўжываць. Гэта трэба проста маніторыць. Мы самі будзем падказваць, калі раптам убачым такія моманты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG