Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка — васал Масквы і выконвае тое, што яму кажуць», — Беленькі


Юрась Беленькі, архіўнае фота
Юрась Беленькі, архіўнае фота

У чарговай перадачы «Інтэрвію тыдня» намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі ацэньвае гістарычныя пэрспэктывы Беларусі, адказвае на пытаньне, чаму КХП байкатуе ўсе выбарчыя кампаніі, і даводзіць, што Аляксандар Лукашэнка — васал Масквы. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Сёньня дэмакратычная грамадзкасьць адзначае 25-годзьдзе незалежнасьці Беларусі. Вы былі адным з тых дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія тады зрабілі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце канстытуцыйным законам. Шлях, які краіна прайшла за гэты час, быў вельмі неадназначны. Ці можна сказаць, што здабыцьцё незалежнасьці пераважвае ўсе тыя нэгатыўныя зьявы, якія былі?

— Цалкам згодны з вашай тэзай — здабыцьцё незалежнасьці пераважвае ўсё астатняе. Бо альтэрнатывай магло быць тое, што мы назіралі ў Югаславіі. Магло быць юрыдычнае захаваньне Савецкага Саюзу, нават зь дзьвюх рэспублік — Расеі і Беларусі. Я гэта не абстрактна кажу, мне даводзілася чуць праз пэўныя гады думкі былых савецкіх афіцэраў, якія казалі, што гатовыя былі са зброяй у руках змагацца за СССР.

Тое, што ў 1991 годзе мы здабылі незалежнасьць, далі пэрспэктыву разьвіцьця дзяржавы нашаму народу — гэта выключная зьява, якая пераважвае ўсё астатняе.

— Для аднаго пакаленьня 25 гадоў — гэта вялікі тэрмін. Але для гісторыі гэта толькі кропка, імгненьне. Як бы вы ўбачылі Беларусь у шырэйшай гістарычнай пэрспэктыве?

— Беларусь павінна захаваць свой дзяржаўны сувэрэнітэт пры любым раскладзе. Уся наша гісторыя даказвае, што калі Беларусь была незалежнай — гэта гарантавала добрае разьвіцьцё гаспадаркі, высокі ўзровень «чалавечага разьвіцьця», адукацыі. Таму гэта самае галоўнае, што беларусы мусяць для сябе зазначыць: свая дзяржава, рэалізацыя свайго патэнцыялу — гэта галоўны чыньнік для добрага, камфортнага жыцьця наступных пакаленьняў.

— Калі ад вечных праблемаў павярнуцца да сёньняшніх, больш актуальных, то ваша партыя, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, згодна са сваімі традыцыямі апошніх гадоў, не бярэ ўдзелу ў гэтай выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Чым вы абгрунтоўваеце такую сваё пазыцыю?

Калі ў гэтым удзельнічаць — то гэта азначае прыняць правілы гульні рэжыму, стаць саўдзельнікам вельмі непрыгожых зьяваў і дзеяньняў

— Ёсьць прынцыповыя пытаньні, якіх нельга абмінуць. Гэта стаўленьне да фальшывых кампаніяў, якія праводзяцца рэжымам. Грамадзтва мусіць зразумець — на сёньняшні дзень выбараў няма, рэжым не выконвае нават сёньняшнюю Канстытуцыю і заканадаўства. Калі ў гэтым удзельнічаць — то гэта азначае прыняць правілы гульні рэжыму, стаць саўдзельнікам вельмі непрыгожых зьяваў і дзеяньняў.

Павінна быць адмежаваньне ад гэтай палітыкі і ад гэтых людзей. Бо для бальшыні беларусаў сёньня відавочна, што маскоўскі рэжым тут у Беларусі зайшоў у тупік, пэрспэктывы ў яго няма. Ён вымушаны або пачаць рэальныя рэформы ў эканоміцы, пераход на нацыянальныя рэйкі ў адукацыі і жыцьці. Або можа адбыцца рэзкая зьмена ўлады ў выніку поўнай дэградацыі гэтай сыстэмы.

З гэтага пункту гледжаньня беларусы павінны мець бачаньне альтэрнатывы. Тых людзей, якія ня ўдзельнічалі ў дзеяньнях і кампаніях гэтай улады. Што ёсьць людзі, якія ў гэты крытычны момант могуць узяць на сябе адказнасьць за лёс дзяржавы і народу. Гэта галоўны чыньнік для няўдзелу ў гэтых кампаніях.

— Як вы тады ацэніце тое, што большасьць дэмакратычных партыяў бяруць удзел у выбарах? У іх таксама ёсьць свае аргумэнты, яны неаднаразова гучалі...

— Практыка паказала, што гэтыя аргумэнты ня маюць ніякай вагі, несурʼёзныя. Аргумэнт, у прынцыпе, адзін — давесьці да грамадзян сваю пазыцыю. Нібыта ў астатні ад выбараў час яны жывуць на іншай плянэце ці ў іншай дзяржаве. Спосабы давесьці сваю пазыцыю заўсёды ёсьць.

Ужо каторую кампанію яны падтрымліваюць рэжым сваім удзелам, а вынік заўжды аднолькавы. Таму напрошваецца выснова, што матывацыя супрацьлеглая той, якая дэкляруецца.

— Але апошнія два гады зьявіліся новыя аргумэнты — пасьля агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. Больш гавораць пра неабходнасьць нацыянальнай еднасьці, пра магчымасьць паляпшэньня адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам. Маўляў, Захад цяпер вымушаны выбіраць не дэмакратыю ў Беларусі, а незалежнасьць Беларусі ў якасьці галоўнага прыярытэту.

Лукашэнка — гэта не самастойная фігура. Гэта крэатура Масквы, якая вельмі жорстка Масквой і кантралюецца

— Тут ад самога пачатку закладзеная памылка — быццам бы рэжым у Беларусі самастойны. Многія і ў незалежнай прэсе пішуць пра «беларускага дыктатара». Зыходзячы зь веданьня сытуацыі, як быў прыведзены да ўлады Лукашэнка, я памятаю і ягоныя асабістыя выказваньні — гэта не самастойная фігура. Гэта крэатура Масквы, якая вельмі жорстка Масквой і кантралюецца. Таму гэты аргумэнт ня мае пад сабой ніякай асновы.

Пра дэструктыўныя дзеяньні Масквы ў дачыненьні да Беларусі наша партыя заўсёды казала. Мы далі грамадзтву сваю ацэнку дзеяньняў Расеі, папярэджвалі пра небясьпеку гэтай імпэрскай палітыкі. Шмат было крытыкі ў наш адрас за гэтыя азначэньні і за гэтую ацэнку дзеяньняў Расеі. Сёньня ўсё гэта выйшла на паверхню, вельмі брутальна, адкрыта, у Крыме і Данбасе. Але тыя ж самыя дзеяньні Масквы былі і ў дачыненьні да Беларусі, толькі схаваныя.

Таму казаць пра нейкую кансалідацыю не выпадае. Якая можа быць кансалідацыя зь нейкім ардынскім васалам (я ўтрырую сытуацыю)? Васал — ён і ёсьць васал, і выконвае тое, што гаспадары замаўляюць. Іншая справа, што імпэрыя ўжо ня тая, ужо ня мае сілаў, каб зацугляць свае былыя калёніі і жорстка трымаць іх пад сваім кантролем. Ідуць абʼектыўныя працэсы, усе імпэрыі развальваюцца, тое самае адбываецца і з Расейскай імпэрыяй.

— Вы катэгарычна адмаўляеце ўдзел у выбарчых кампаніях. Тады якую стратэгічную альтэрнатыву палітычных паводзінаў КХП БНФ прапануе грамадзтву?

— Пра гэта намі заяўлена дастаткова даўно. Стратэгія партыі накіраваная на нацыянальную асьвету беларускага грамадзтва, пра тое, што трэба рабіць і куды ісьці. Бо немагчыма рабіць нейкія палітычныя пераўтварэньні, калі няма падтрымкі гэтай палітыкі ў грамадзтве. Грамадзтва павінна ўсьвядоміць неабходнасьць і каштоўнасьць гэтых зьменаў, падтрымаць іх — тады магчымая іхняя рэалізацыя. Інакш гэта ўсё пустое.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG