Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўжо хардкор»: Раманчук тлумачыць, што рабіць Беларусі ў час расейскага крызісу


Яраслаў Раманчук, архіўнае фота
Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Сябра дзяржаўнай Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва, эканаміст Яраслаў Раманчук пасьля абвалу расейскага фондавага рынку 9 красавіка напісаў на Facebook тэкст пад загалоўкам «Шухер. Рыхтуемся. „Чорныя лебедзі“ ў дарозе».

Але, кажа Свабодзе Яраслаў Раманчук, гэта не найгоршы сцэнар для Беларусі ў сувязі з расейскім крызісам, выкліканым санкцыямі ЗША. Проста «рэалістычны».

«Найгоршы сцэнар, гэта калі Расея пачне вельмі агрэсіўную палітыку „Хто ня з намі, той супраць нас“, — тлумачыць Раманчук. — Расея можа прымушаць Беларусь рабіць больш шчыльную палітычную інтэграцыю.

Тады Аляксандар Лукашэнка сутыкнецца з жорсткім ціскам Крамля, „русского мира“ — гэта будзе такая барацьба, у параўнаньні зь якой „Россельхознадзор“ і бар’еры на продаж беларускіх тавараў здадуцца „кветачкамі“. Гэта будзе жорсткі сцэнар прымусу з самымі рознымі бар’ерамі, немагчымасьцю абслугоўваць крэдыты, паўнавартасная валютна-таварная вайна».

Вынікі новых санкцыяў ЗША: наколькі абвалілася расейская эканоміка

На думку Раманчука, такі сцэнар ня самы імаверны. Больш верагодна, кажа ён, што Расея сканцэнтруецца на «вайне з Захадам» у Сырыі ці іншых «пляцоўках».

Беларусі ж цяпер, адзначае ён, трэба рабіць усё, каб пасьля гэтага крызісу і «вайны, якую Расея 100% прайграе», са сваімі таварамі ўвайсьці на расейскі рынак і замацавацца там, бо «гэта будзе ўжо зусім іншая краіна», трэба будзе гандляваць паводле правілаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO).

«Сёньня, каб падрыхтавацца да гэтага, неабходна пачынаць сыстэмныя рынкавыя рэформы, дэцэнтралізацыю, прыцягненьне замежных інвэстараў, бо чым больш будзе гэтага і чым глыбейшай будзе інтэграцыя нашай краіны ў розныя ланцужкі, тым больш імавернай будзе абарона незалежнасьці і стварэньне таго фундамэнту, зь якога Беларусь можа стартаваць у сьвет пасьля гэтай „вайны Расеі з Захадам“», — разважае Раманчук.

Яраслаў Раманчук 10 гадоў таму
Яраслаў Раманчук 10 гадоў таму

Ён пагаджаецца, што такія словы гучаць у Беларусі цягам двух дзесяцігодзьдзяў, але адзначае, што такога становішча, як сёньня, калі Ўладзімір Пуцін абвясьціў Захаду «халодную вайну», а Захад у яе ўвязаўся і пераможа, не было: «гэта ўжо ня жарты». Раней, дадае ён, былі розныя сустрэчныя захады і «перазагрузкі», але тое «больш тэатральныя дзеяньні», а «сёньня ўжо хардкор».

Раманчук мяркуе, што Лукашэнка разумее гэта і здагадваецца, што нельга ўжо адрадзіць такія рэчы, як Савецкі Саюз, таму будзе шукаць іншае выйсьце, каб захаваць Беларусь як незалежную геапалітычную адзінку. Ды ў Беларусі, дадае ён, «страшэнны дэфіцыт» рашучых дзеяньняў у вырашэньні праблемаў, а ня проста абяцаньняў на словах, і гэта для краіны «асноўная пагроза».

Ужо 2,02 за даляр: беларускі рубель пачаў падаць у выніку расейскага крызісу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG