Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыкалы-кантрабандысты «з элемэнтамі сатанізму». Каго насамрэч затрымалі ў Берасьці?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Берасьцейскага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) паведамілі пра затрыманьне 11 студзеня групы з трох кантрабандыстаў. Да абвінавачаньня па крымінальных артыкулах за абарачэньне зброі і наркотыкаў дададзена, што затрыманыя — прыхільнікі «Правага сэктару» і паганскіх рухаў «Белы фронт» і «Славянскае адраджэньне». Пры гэтым «Правы сэктар» і названыя рухі маюць палярна процілеглую ідэалёгію.

Раней прэс-сакратар «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі ў інтэрвію Свабодзе абверг датычнасьць затрыманых да гэтага руху. Ён назваў затрыманьне «правакацыяй з боку беларускіх уладаў» і дадаў, што «зброі не хапае на фронце, таму цяжка ўявіць, каб нехта вывез яе ў Беларусь».

— Цалкам немагчыма, каб прыхільнікі «Правага сэктару» былі адначасова ў паганскіх, імпэрскіх, прарасейскіх рухах кшталту «Славянскага адраджэньня», — падкрэсьліў Скарападзкі.

Карэспандэнтка Свабоды зьвязалася з начальнікам аддзелу 6-га ўпраўленьня ГУБАЗіК па Берасьцейскай вобласьці Аляксандрам Лаўруковічам. Той сказаў, што асабіста праводзіў размову з затрыманымі.

— Найбольш актыўны ўдзельнік групы, зь якім я гутарыў, актыўна прапагандаваў «наваслаўе» — паганства з элемэнтамі сатанізму. Гэты чалавек — прыхільнік радыкальных рухаў. У ягоным разуменьні неўзабаве павінна пачацца вайна, а значыць, трэба рэалізоўваць актыўныя дзеяньні.

— Але якім чынам «Правы сэктар» зьвязаны з расейскім «Славянскім адраджэньнем»?

— Па-першае, усе названыя рухі — радыкальныя. «Наваслаўе», якое вызнаюць чальцы «Славянскага адраджэньня» — гэта форма паганства і патрабуе радыкальных актаў. Такія ж мэтады прасоўвае і «Правы сэктар». То бок людзі ня тое каб падтрымлівалі Русь, Расею... Асноўная ідэя там — славянізм.

— Якое канкрэтна дачыненьне да ўкраінскага «Правага сэктару» мелі затрыманыя?

— Адзін зь іх сьцьвярджаў, што сам ваяваў на Данбасе. Насамрэч нідзе ён не ваяваў, доказаў няма. Але яны вялі перапіску з удзельнікамі баявых дзеяньняў, мелі кантакт.

— Зь беларусамі?

— Мы гэтага ня можам сьцьвярджаць, бо ня ведаем прозьвішчаў іхніх суразмоўцаў, толькі мянушкі, пазыўныя.

— «Правы сэктар» не занесены ў афіцыйны рэестар экстрэмісцкіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі. Чаму ў паведамленьні БелТА гучыць менавіта такая фармулёўка?

— Мы можам апэраваць юрыдычнымі паняцьцямі, а можам агульначалавечымі. У БелТА не юрысты сядзяць, вось і напісалі такім чынам. У любым выпадку, экстрэмізм — гэта супрацьпастаўленьне сябе існаму дзяржаўнаму ладу. Дзеяньні, накіраваныя на падрыў улады. Паняцьце экстрэмізму — новае для постсавецкіх краінаў, таму мы яшчэ толькі распрацоўваем мэтады змаганьня зь ім.

— Адкуль падазраваныя вазілі зброю?

— Ёсьць падставы меркаваць, што з тэрыторыі Ўкраіны. Мы ведаем гэта, але канчатковая вэрсія сьледзтва, натуральна, прагучыць у судзе.

— Наколькі актыўныя сёньня ў Берасьці рухі «Славянскае адраджэньне» і «Белы фронт»? Ці шмат прыхільнікаў яны маюць і ці сыходзіць ад іх рэальная пагроза для грамадзтва?

— Пэўная пагроза сыходзіць ад любога руху са зброяй, неадэкватнымі паводзінамі і адрозным ад большасьці веравызнаньнем. Мы вывучаем пытаньне, наколькі ўзгаданыя рухі распаўсюджаныя ў Берасьці, адказаць на пытаньне пакуль не магу. Прыхільнікі сьпісваюцца праз сацыяльныя сеткі, сустракаюцца і прымаюць нейкія калектыўныя рашэньні. Рана казаць пра тое, што мы ведаем увесь склад групы.

Акрамя таго, Лаўруковіч сказаў, што спадзяецца на супрацоўніцтва і дапамогу ў расьсьледаваньні з боку ўкраінскіх калегаў.

У перадачы «Зона Ікс» на тэлеканале «Беларусь-1» ад 12 студзеня дэманструецца затрыманьне мужчыны на ровары і паведамляецца, што меркаваных злачынцаў затрымалі падчас збыту пнэўматычнага пісталета для стральбы патронамі калібру 9 мм. У кантрабандыстаў канфіскавалі 65 патронаў пад пісталет Макарава, 1 кг тратылу і 25 г амфэтаміну. На відэа прадстаўнік сілавых структураў трымае маленькую шклянку з шэрымі крышталямі.

Таксама ў ходзе ператрусу знайшлі 100 патронаў розных калібраў часоў Другой усясьветнай вайны, порах, амуніцыю да процітанкавага гранатамёта, выбухоўку, гукавыя ракеты, дэталі агнястрэльнай зброі, загатоўкі пад «шпіёнскія» пісталеты-асадкі, інструмэнты для вырабу ствалоў агнястрэльнай зброі, амфэтамін, літаратуру «з прапагандай сатанізму» і кнігу «Юный химик».

Сярод канфіскаваных боепрыпасаў можна ўбачыць зялёную панаму з украінскім сьцягам і шаўрон з «трызубам» — абедзьве рэчы ў адным экзэмпляры. Патроны меркаваныя «экстрэмісты» захоўвалі, як відаць, проста ў плястыкавых паўпразрыстых торбах — менавіта ў такой тары яны фігуруюць на кадрах апэратыўнікаў.

«Славянскае адраджэньне» ўяўляе сабой адгалінаваньне нацыянал-сацыялістычнага руху. Як вынікае зь іхняй старонкі ў сацсетцы, філіі дзейнічаюць у Расеі, Беларусі і Ўкраіне. Погляды ўдзельнікаў — ультраправыя, расісцкія, з ухілам у імпэрскасьць. Яны заклікаюць да «белай перамогі» і фактычна вынішчэньня «ўсіх нябелых», публікуюць свастыкі і хроніку Трэцяга рэйху.

Каб высьветліць, ці дзейнічае рух па-за межамі інтэрнэту, карэспандэнтка Свабоды зьвязалася з жыхаром Берасьця Зьмітром Ш., які сам называе сябе «правым славянінам».

— Я нічога ня чуў пра дзейнасьць канкрэтна гэтай арганізацыі. Так, я маю правыя погляды, выступаю за адраджэньне славянскага роду, займаюся ў страйкбольным клюбе з паплечнікамі-аднадумцамі. Калі б затрымалі каго-небудзь з «нашых» — усе б даведаліся. Таму я разглядаю ўсё гэта як дыскрэдытацыю плыні. Атрымліваецца, да любога могуць зайсьці ў хату, убачыць лёгкую пнэўматыку, падкінуць візытоўку «Правага сэктару» і пасадзіць пацаноў?! Поўны трэш! — кажа Зьміцер.

— Ці рэальна для вас і вашых паплечнікаў сымпатызаваць «Праваму сэктару»?

— Адназначна не. Мы за адраджэньне славянаў як адзінай расы, а тыя — за высмактаную з пальца нацыянальную ідэю асобнай краіны.

Мсьціслаў Х. падтрымлівае «вязьняў-нацыяналістаў»: зьбірае грошы для Максіма Марцінкевіча, больш вядомага пад мянушкай «Цясак», і іншых асуджаных, у тым ліку — за жорсткія забойствы:

— «Славянскае адраджэньне» і «Белы фронт» сапраўды існуюць, але пра іхніх беларускіх кіраўнікоў я нічога ня чуў. І яшчэ: ідэйныя правыя ніколі б не гандлявалі зброяй.

Прыхільнікі згаданага ў афіцыйнай інфармацыі «наваслаўя», паводле інфармацыі з тэматычных рэсурсаў у інтэрнэце, вызнаюць акультызм, славянскае паганства, захапляюцца творамі Кастанеды, але не заклікаюць да адкрытай агрэсіі. Не відаць, якое дачыненьне іхняе вучэньне мае да сатанізму.

Паводле прадстаўнікоў улады, сьледзтва па справе затрыманых працягнецца як мінімум 4 месяцы. На дадзены момант усе трое ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці.

«Правы сэктар» — правая ўкраінская нацыяналістычная арганізацыя, а пазьней палітычная партыя. «Правы сэктар» узьнік у лістападзе 2013 году як ваенізаванае абʼяднаньне падчас Эўрамайдану ў Кіеве, калі вулічныя байцы гэтай арганізацыі змагаліся супраць спэцназу. Гэтая арганізацыя стала палітычнай партыяй 22 сакавіка 2014 году і сабрала Добраахвотны корпус байцоў для ўдзелу ў баях на Данбасе за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG