Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ляхавічах судзяць былога начальніка ДАІ, які ехаў пʼяным і зьбіў жанчыну


Пешаходны пераход у вёсцы Дарава, дзе здарылася трагедыя
Пешаходны пераход у вёсцы Дарава, дзе здарылася трагедыя

У судзе Ляхавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці 28 лютага праходзіць суд над Андрэем Валкавыцкім, былым часовым выканаўцам абавязкаў начальніка Баранавіцкага ДАІ.

Як перадае карэспандэнт Свабоды з залі суду, Валкавыцкі на допыце цалкам прызнаў віну. Яго абвінавачваюць у тым, што ў стане алькагольнага апʼяненьня ён насьмерць зьбіў аўтамабілем 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую, едучы на хуткасьці 100 км/г пры дазволеных 60.

Валкавыцкі сказаў, што моцна шкадуе пра свой учынак. Са слоў міліцыянта, ён проста ў пэўны момант перастаў кантраляваць хуткасьць і адвёў сваю ўвагу ад дарогі.

У залі суду Андрэй Валкавыцкі сказаў, што ў той дзень упершыню сеў за стырно ў стане алькагольнага апʼяненьня. Да гэтага часу ён заўсёды прасіў знаёмых або пераносіў свае паездкі. Чаму гэтым разам сам кіраваў аўтамабілем — так і ня змог адказаць. А выпіў у той вечар маёр міліцыі каля бутэлькі гарэлкі. Экспэртыза ж паказала, што ў крыві ў яго было ажно тры праміле алькаголю.

Андрэй Валкавыцкі ў залі суду
Андрэй Валкавыцкі ў залі суду

На судовым паседжаньні прагучала таксама, што да моманту вынясеньня абвінавачаньня — каля месяца пасьля здарэньня — Андрэй Валкавыцкі адмаўляў сваю віну. І толькі цяпер усьвядоміў, што адбылося.

Родныя нябожчыцы ў гэтыя словы ня вераць, кажа бацька забітай Вольгі Стралкоўскай:

«Мне складана сказаць пра словы аб усьведамленьні сваёй віны. Справа ў тым, што Валкавыцкі сказаў пра раскайваньне падчас апошняга допыту. А да гэтага ўсё блыталася. Таму ня ведаю, наколькі гэта ўсё шчыра.

Бо ў мяне, напрыклад, склаўся нават нейкі стэрэатып пра паводзіны пэўных службовых асобаў. Гэтыя асобы, скажам так, для народу працуюць. Таму ня вельмі верыцца ў шчырасьць словаў і раскайваньня.

Чаму? Бо пакуль Валкавыцкі знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня, маючы магчымасьць кантактаваць з жонкай, маці, не напісаў аніводнага ліста да нас.

Я так разумею, калі чалавек вінаваты і прызнае сваю памылку, то ён любымі магчымымі спосабамі адпраўляе інфармацыю да пацярпелых, каб выказаць спачуваньне, каб супакоіць іх, наколькі гэта магчыма. Але тут такога не было.

Маці яго зьвярталася да нас, але гэта выглядала дзіўна. Склалася такое адчуваньне, нібы яна таргуецца — маўляў, колькі вам трэба заплаціць?»

Бацькі забітай Вольгі Стралкоўскай
Бацькі забітай Вольгі Стралкоўскай

Маці Вольгі лічыць, што насамрэч забойца яе дачкі не жадае прызнаваць сваёй віны:

«Ён прызнаў сваю віну толькі з увагі на тыя доказы, якія былі сабраныя падчас сьледзтва. У адваротным выпадку сам ён бы не прызнаў сваю віну. Магчыма, ён зразумеў, што яму больш выгадна прызнаць сваю віну. Я ж разумею, усякія бываюць выпадкі, але і людзі бываюць розныя. Нехта ўсьвядомлівае сваю памылку. Людзі кантактуюць паміж сабою, выказваюць словы раскайваньня, спачуваюць, неяк кампэнсуюць сваю віну».

Андрэй Валкавыцкі абяцае кампэнсаваць нанесеную шкоду. Але галоўная шкода тая, што двое дзяцей засталіся бяз мамы. Вольга выхоўвала іх сама. Дачку нябожчыцы цяпер глядзяць бабуля зь дзядулем, а сына забраў да сябе бацька.

Суд Ляхавіцкага раёну
Суд Ляхавіцкага раёну

Падчас узнаўленьня падзеяў таго вечара стала вядома, што Вольга Стралкоўская ехала са сваім знаёмым у Баранавічы. У вёсцы Дарава іх спыніў супрацоўнік ДАІ, які папрасіў у кіроўцы паказаць дакумэнты. Але ні правоў на кіраваньне аўтамабілем, ні тэхагляду ў кіроўцы не было. Супрацоўнікі ДАІ запрасілі абаіх да сябе ў машыну і пачалі складаць пратакол аб парушэньнях. Вольга Стралкоўская сказала, што ёй кепска і яна жадае перасесьці ў сваю машыну. Супрацоўнікі ДАІ дазволілі ёй выйсьці і нагадалі, што яна павінна пераходзіць вуліцу менавіта празь пешаходны пераход. Вольга пасьпела зрабіць літаральна два крокі на пераходзе, як яе зьбіў на сваім аўто Андрэй Валкавыцкі.

Паводле часткі 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэксу Валкавыцкаму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

Прысуд будзе абвешчаны заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG