Казулін цяжка ўспрыняў вестку пра сьмерць жонкі

Начальнік калёніі “Віцьба-3” Віталь Агнісьцікаў асабіста праінфармаваў зьняволенага палітыка Аляксандра Казуліна пра сьмерць жонкі Ірыны.

Паводле В. Агнісьцікава, гутарка працягнулася паўтары гадзіны. А.Казулін цяжка ўспрыняў вестку аб сьмерці жонкі.

Начальнік калёніі кажа, што са зьняволенымі, у якіх паміраюць родныя працуе адмысловая псыхалягічная служба і што з Казуліным таксама размаўляў псыхоляг.

Але сказаць пра тое ці будзе Казулін адпушчаны на пахаваньне жонкі, начальнік калёніі пакуль ня можа, бо адмысловае рашэньне павінна быць прынятае пракуратурай і дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў. Адпаведных распараджэньняў Віталь Агнісьцікаў чакае ў любы момант.

В. Агнісьцікаў паведаміў таксама, што выпадкаў, калі зьняволеных часова адпускалі з калёніі на пахаваньне блізкіх сваякоў, у ягонай практыцы пакуль не было. Дагэтуль зьняволеным проста паведамлялі, але з калёніі нікога не адпускалі.

Таму Агнісьцікаў ня можа сказаць дакладна, як будзе адбывацца этапаваньне А.Казуліна ў Менск у тым выпадку, калі на гэта будзе атрыманы дазвол.