“Пэтынг, ці, па-народнаму, цісканьне...”

Пра што пісалі беларускія газэты 26 лютага ў розныя гады мінулага.

“Вольная Беларусь” на гэтым тыдні 1918 году піша пра ўцёкі бальшавікоў: “Рад увесь Мінск, бо большэвікі с чужынцамі на чале (Ландэр, Бэрсон, Мясьнікоў, Рэзаускі — латышы, расійцы і гэбраі) абходзіліся з мінчанамі, як татары пры наезьдзі Батыя. Арышты, штрафы, стрэляніна — сыпаліся на людзей, як з рогу дастатка. Посьля забурэньня с каталікамі, вышла стычка с праваслаўнымі. Тое і другое на грунці “отделения церкви от государства”... Вось такім спосабам большэвікі заганялі людзей у “соцыялістычны рай”.

“Інстытут Беларускай Культуры распачаў досьледы па выяўленьні антрополёгічнага тыпу беларуса, — паведамляе ў 1928 годзе “Савецкая Беларусь”. — Досьледы вядуцца антрополёгічнай катэдрай пад кіраўніцтвам прафэсара Бел.Д.Ун-ту Ленца і сваёй працай ахапляюць фізіолёгічную частку, досьледы па вышэйшай нэрвовай дзейнасьці, функцыянальна-канстытуцыйны тып, дэмаграфічныя даныя, расавы тып, племянны склад і інш. Дасьледуюцца студэнты Бел.Дзярж.Ун-ту. Антрополёгічная катэдра мае намер прапусьціць 3000 чал.”

На старонках “Нашай Нівы” на гэтым тыдні 1998 году Мікола Бусел піша пра эратычную прозу Адама Глёбуса: “Пэтынг, ці, па-народнаму, цісканьне, ёсьць альфа і амега эротыкі. Гэта, можна казаць, вышэйшы пілятаж эрасу... Вось тут бы аўтару... даць станоўчы ўзор выкарыстаньня эрагенных зонаў, прыёмаў пазьбяганьня непрыемных наступстваў працяглага застою, паказаць пэрспэктыву дачаснага эскапізму, раскрыць прыёмы прарыву да вялікага Эрасу праз чорны ход. На жаль, гэтага нямашака”.