Сёньня суд разгледзіць скаргу Жалезьнічэнкі

Сёньня ў другой палове дня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля будзе разглядацца скарга Зьмітра Жалезьнічэнкі на паўторнае адлічэньне з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны

У заяве ў суд былы студэнт-выдатнік матэматычнага факультэту, а цяпер салдат тэрміновай службы Зьміцер Жалезьнічэнка адзначыў, што быў паўторна адлічаны з унівэрсытэту паводле загаду рэктара 22 студзеня — у той самы час, калі знаходзіўся на лячэньні з прычыны высокага артэрыяльнага ціску.

Падставай для паўторнага адлічэньня зьявілася пакараньне Зьмітра ў верасьні мінулага году 8-суткавым арыштам нібыта за лаянку, й штрафам – паводле абвінавачаньня ў непадпарадкаваньні міліцыі.

У той час Жалезьнічэнка юрыдычна ня быў студэнтам унівэрсытэту, і на яго не распаўсюджваліся ўнівэрсытэцкія Правілы ўнутранага распарадку, за парушэньне якіх ён адлічаны паўторна.

Позва наконт сёньняшняга судовага паседжаньня накіравана ў чыгуначную вайсковую частку ў Жлобіне, дзе служыць адлічаны з унівэрсытэту студэнт-выдатнік. Аднак пакуль невядома, ці адпусьціць яго вайсковае камандаваньне на суд у Гомель.

У іншым выпадку пазоў у судзе супраць паўторнага адлічэньня Зьмітра з унівэрсытэту будзе падтрымліваць па даверанасьці маці Ала Жалезьнічэнка з дапамогай адваката Пятра Барысава.