Дні Волі –1997-98. Як гэта было <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />

Як сьвяткавалі Дзень Волі ў 1997-98 гадах? Удзельнікі тых падзеяў прыгадваюць, што пасьля сьвяткаваньня Дня Волі ў 1997 годзе улады ўпершыню ўжылі крымінальны перасьлед супраць удзельнікаў вулічнай акцыі. Ці паўплывала гэта на масавасьць далейшых акцый?

У другой палове 1996 году масавыя вулічныя акцыі адбываліся амаль штомесяц. Увосень 1996 году Аляксандр Лукашэнка заявіў пра маючы адбыцца рэфэрэндум для ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю. У Вярхоўным Савеце група дэпутатаў сабрала неабходную колькасьць подпісаў для абвяшчэньня імпічмэнту. Каб улагодзіць канфлікт, у Беларусь на адну ноч прыехалі старшыні палатаў расейскага парлямэнту Ягор Строеў і Генадзь Селязьнёў. Пагадненьне, якое было падпісана паміж прэзыдэнтам Лукашэнкам, сьпікерам Сямёнам Шарэцкім, старшынём Канстытуцыйнага суду Ціхіняй, Лукашэнка аб’явіў несапраўдным, як толькі зьехалі маскоўскія госьці.

Аляксандр Лукашэнка праводзіць і выігрывае рэфэрэндум, які дазволіў яму разагнаць Вярхоўны Савет і стварыць падкантрольны Нацыянальны Сход. Па іншаму пачаўся адлік прэзыдэнцкага тэрміну. Гэта выклікала хвалю абурэньня ў грамадзтве. У сталіцы адбываліся масавыя акцыі. Улады ўсяляк спрабавалі зьбіць хвалю пратэсту.

22 сакавіка 1997 году некалькі тысяч чалавек спрабавалі сабрацца на плошчы Незалежнасьці. Але плошча была ачэпленая спэцназаўцамі. Людзі зьбіраліся каля плошчы на праспэкце. Уладзімер Лыско падзяліўся сваімі ўспамінамі:

“Першы інцыдэнт адбыўся там, калі маці Славаміра Адамовіча схапілі міліцыянты і пацягнулі ў “варанок”. Людзі яе “адбілі”. Мы пайшлі рэспэктам. Увесь час, што мы ішлі, міліцыянты рабілі правакацыі. Тады яшчэ быў Карпенка з намі”.

Каля крамы “Лянок” што недалёка ад плошчы Якуба Коласа спыніўся міліцэйскі “варанок”. Адтуль выбеглі міліцыянты і схапілі двух удзельнікаў шэсьця, якія несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі. Дэманстранты кінуліся на абарону. Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі здымаў гэты інцыдэнт. Нехта з натоўпу ўдарыў яго кулаком у твар, а потым яшчэ палкай па сьпіне. Разам са сваім маладым калегам Зьмітром быў апэратар ОРТ Сяргей Гельбах. Ён апавёў:

“Здымалі сьвяткаваньне ўгодкаў БНР – Беларускай Народнай рэспублікі. Нашаму апэратару Завадзкаму “папала” ад абуранага натоўпу. Таму што яго прынялі, а да таго ж ведалі, што ён працаваў на БТ... Вось яго і зьбілі. Вось такія былі жарсьці”.

У той дзень міліцыянты затрымалі з сотню чалавек. Супраць пяцёх удзельнікаў акцыі распачалі крымінальныя справы. Двое атрымалі па два гады “хіміі”, яшчэ ў траіх два гады адлічалі грошы з заробку.

Мы тым часам пачалі паліць расейскі сьцяг, бо гэта ўсё адбывалася напярэдадні 2 красавіка. А расейскі сьцяг быў сымбалем нашага пратэсту
У 1998 годзе Дзень Волі праходзіў пад лёзунгам абароны незалежнасьці краіны напярэдадні падпісаньня саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй. Сьвяткаваць 80-годдзе БНР выйшлі больш за 10 000 чалавек. Напачатку сакавіка Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт № 5, які прадугледжваў адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Ужо была распаўсюджаная практыка, калі на студэнтаў, што ўдзельнічалі ў акцыях, дасылалі ў дэканаты фотаздымкі, зробленыя міліцыянтамі.

Дэманстранты прайшлі шэсьцем ад плошчы Якуба Коласа да опэрнага тэатру. Пасьля заканчэньня мітынгу каля трох соцень маладых людзей пайшлі ў бок адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Каля цырку іх сустрэлі спэцназаўцы. Цімафей Дранчук быў тады яшчэ непаўналетні.

“Адбылася сутычка. Яўген Скочка кінуў звычайную дымавую шашку пад ногі амонаўцам. Тыя не разумелі, што рабіць. Ну, а мы тым часам пачалі паліць расейскі сьцяг, бо гэта ўсё адбывалася напярэдадні 2 красавіка. А расейскі сьцяг быў сымбалем нашага пратэсту”.

Праз тыдзень улады жорстка разагналі акцыю каля расейскай амбасады.


Прапанем паслухаць з архіваў Свабоды фрагмэнт рэпартажу Юрася Карманава 25 сакавіка 1997 году.



А вось фрагмэнт рэпартажу ізноў жа Юрася Карманава пра суды над удзельнікамі акцыі з нагоды Дня Волі ў 1998 годзе.




Заўтра ў ранішнім эфіры "Свабоды" пра Дні Волі 1999-2001 гадоў.