“Была праведзена падпіска на самалёт “Бязбожнік”

Пра што пісалі беларускія газэты 25 красавіка ў розныя гады мінулага.

За подпісам “Вецер” “Наша Ніва” ў 1908 годзе паведамляе з Радашкавічаў: “Радашкоўскі ганчар Шарэйтар зрабіў колькі рукамойнікаў, як былі нарысованы ў “Н.Н.” Хто іх купіў — хваліць, што вельмі добрые. Мужыкі з в.Сычэвіч, прачытаўшы ў № 6 “Н.Н.” пра свае пьянства, надта шкадуюць, што прапілі 20 р. Яны зразумелі, што зрабілі кепска, і другі раз ужо напэўне гэтаго ня зробяць, а грамадзкіе грошы аддадуць на што карыстнае для ўсей вёскі. Дай Божэ!”

“Вялікодныя дні былі сустрэнуты вялікай атакай мабілізаваных сіл аршанскіх бязбожнікаў... — паведамляе ў 1928 годзе “Савецкая Беларусь”. — Была праведзена падпіска на самалёт “Бязбожнік”, якая толькі на адным вечары ў Доме асьветы дала каля 30 руб. Праўда, назіраліся і такія выпадкі, што, пасьвяньціўшы афарбаваныя яйкі, пірагі, ці адведаўшы мацы дома, член прафсаюзу ішоў на антырэлігійны вечар, так што мінулае і сучаснае блыталіся, змагаліся і часам мінулыя звычкі перамагалі”.

Са старонак “Вячэрняга Мінску” ў 1978 годзе ляўрэат Ленінскай прэміі, дырэктар Інстытуту матэматыкі АН БССР У.Платонаў даводзіць: “У нейкай ступені матэматыка патрабуе ўяўлення большага, чым паэзія. З аднаго боку, яна павінна ўлічваць шматграннасць жыцця, а з другога — падымацца над ёю і пераходзіць у вышэйшы, ідэалізаваны свет, у якім, пачынаючы з некаторага этапа, няма месца рэальным сітуацыям, рэчам. Вы павінны жыць у гэтым свеце часам месяцамі, гадамі, а то і дзесяцігоддзямі. Гэта надзвычай цяжка”.

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі