На Бангалоры адбылася маёўка <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />

У Менску ў парку Дружбы народаў (плошча Бангалор) прайшло сьвяткаваньне Дня салідарнасьці працоўных, якое арганізавалі Партыя камуністаў Беларуская і актывісты незалежных прафсаюзаў.

Маёўка на Бангалоры праходзіла пад лёзунгамі: “Працоўнаму — прыстойны заробак!”, “Так — працы, не — зьбядненьню народа!” Маёўку пачаў лідэр кампартыі Сяргей Калякін. Ён заклікаў працоўных “расплюшчыць вочы і параўнаць сваё жыцьцё з тым прыгожым жыцьцём, якое паказвае беларускае тэлебачаньне”. Ягоную прамову слухалі каля 200 чалавек, потым людзей стала больш. Прыйшла на Бангалор і Галіна Мікалаеўна, якой за 70 гадоў. Жанчына згадала, што ўпершыню на такую маёўку пасьля вайны яе прывёў тата-партызан.

“Таму я зь вялікім задавальненьнем хаджу на сьвята 1-га траўня”.

Карэспандэнт: “А ці ёсьць патрэба ў беларускіх працоўных змагацца за свае правы?”

“У мяне пэнсія 400 тысяч рублёў, можа, і мала, а ў некаторых і гэтага няма. А ці трэба змагацца — ня ведаю. У мяне заўсёды быў рост, ніхто мяне не прыціскаў”.

Пасьля кароткіх палітычных прамоў людзі слухалі музыкаў, гулялі ў шахматы на турніры, падымалі гіры і перацягвалі канат. Прэзэнтацыю сваёй газэты праводзілі журналісты партыйнага выданьня “Товарищ”, якое настойліва імкнецца пашырыць кола чытачоў. Сярод іншых падарунак за супрацоўніцтва з газэтай атрымала Тацяна Бублікава з Гомеля. Месяц таму суд аштрафаваў дзяўчыну на паўмільёна рублёў за ўдзел у акцыі, прымеркаванай да 90-годзьдзя БНР. Пытаюся ў пазаштатнай журналісткі “Товарища” пра яе думку адносна сацыяльнай актыўнасьці працоўных у Беларусі.

“Мая думка, што беларускія людзі не імкнуцца актыўна абараняць свае правы. Частку ўсё задавальняе, а тая частка, каго не задавальняе, сядзіць па кухнях і выказваецца толькі паміж сабой. Што да адкрытай барацьбы... Пакуль кавалак хлеба ёсьць, людзі ня хочуць яго губляць”.

Чырвоныя з жоўтымі сярпамі сьцягі камуністаў суседнічалі сёньня на Бангалоры зь бел-чырвона-белымі з выявай ружы сьцягамі сацыял-дэмакратаў. Бачу сярод палітыкаў левага напрамку і Юрыя Хадыку, вядомага дзеяча партыі БНФ. Спадар Хадыка пацьвердзіў, што прыйшоў сёньня на Бангалор невыпадкова:

“Для мяне 1-га траўня — традыцыйнае сьвята. Яно па-за палітычнымі колерамі, бо гэта сьвята працоўных. Няма ніводнай палітычнай сілы, якая б магла ігнараваць працоўнага чалавека. А таму я тут, хоць кіраўніцтва БНФ заняло пазыцыю маўклівага ўстрыманьня. Лічу гэта няправільным”.

Удзельнікаў маёўкі апякалі некалькі міліцыянтаў, якія прыехалі на аўтамабілі ДАІ. Маёўка прайшла без інцыдэнтаў.