"Гасцей з Масквы трымалі пад вартаю цэлыя суткі"

Пра што пісалі беларускія газэты 2 траўня ў розныя гады мінулага.

Нехта А.Ражкоўская на гэтым тыдні 1948 году гэтак піша ў “ЛіМе” пра амэрыканскую літаратуру: “Выхад на першы план такога “адмысловага” пісьменніка-дэкадэнта, як Уільям Фолкнер з яго “раманамі адчаю” — таксама паказчык ідэйнага распаду амерыканскай літаратуры. У кнігах Фолкнера густа перамешаны фізіялогія і натуралізм з самай беспрасветнай містыкай. Перад намі — свет забойцаў і дэгенератаў, катаў і іх ахвяр... Паталогія — норма жыцця ў Фолкнера”.

“Беларус” у красавіку 1968 году надрукаваў малітву яго высокапраасьвяшчэнства Ўладыкі Васіля, прачытаную ў Сэнаце ЗША з нагоды 50-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі: “Мы молімся сёньня, каб дабрадзействы свабоды, якія прыносіць дэмакратычны лад усяму Вольнаму Сьвету, сталіся сьвятлом і заахвочваньнем для Беларускага Народу, бо надзея на вячыстую свабоду ня згасла сярод яго, як сьветач палымнее ў глыбінях ягоных сэрцаў з нязгаслым жаданьнем належаць да сем’яў вольных народаў, што шануюць Бога”.

“Навіны” на гэтым тыдні 1998 году адзначаюць: “Чарнобыльскі шлях, які наладзіла 25 красавіка ў Мінску беларуская апазіцыя, прайшоў мірна, але ўсё адно завяршыўся арыштамі. Было схоплена больш за 20 грамадзянаў Беларусі і група расійскіх студэнтаў. Гасцей з Масквы трымалі пад вартаю цэлыя суткі, а потым пад канвоем дэпартавалі ў Расію... Іх даставілі на мінскі вакзал перад самым адыходам цягніка, міліцэйскі нарад суправаджаў усю групу аж да Смаленска”.