Каму зь вялікіх беларусаў варта паставіць помнік?

З такім пытаньнем сёньня наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: “У нас у Горадні няма ніводнага помніка беларусам, пачынаючы ад князя Вітаўта й сканчаючы Кастусём Каліноўскім. Так што ўсім ім трэба ставіць, яны гэтага вартыя”.
Васілю Быкаву трэба, бо ён пісаў па-сапраўднаму цікавыя кнігі пра вайну

Спадар: “Багдановіч, Колас, Купала — гэта ўсё вялікія пісьменьнікі”.

Карэспандэнт: “А вы як лічыце?”

Ягоная жонка: “Васілю Быкаву трэба, бо ён пісаў па-сапраўднаму цікавыя кнігі пра вайну, а галоўнае — праўдзівыя. І ведаеце, трэба, каб паздымалі помнікі Сувораву ды вуліцы, якія носяць яго імя, зьмянілі. Цяпер ужо нам трохі раскрылі вочы на тое, кім ён быў для нашага народа”.

Карэспандэнт: “А што замест ягоных помнікаў?..”

Спадарыня: “Беларускаму народу на чале з Тадэвушам Касьцюшкам”.

Спадарыня: “Ведаеце, паколькі я па-сапраўднаму люблю беларускую літаратуру — Уладзімеру Караткевічу. Разумею, што Васіль Быкаў — гэта нешта сьвятое і яму ўжо ёсьць помнік у Беларусі”.

Карэспандэнт: “Не, Васілю Быкаву дагэтуль няма помніка...”

Спадарыня: “Няма? Гэта няправільна, няправільна. Яму трэба абавязкова паставіць помнік. А я думала, што ў Менску помнік Васілю Быкаву ўжо паставілі...”
Тадэвушу Касьцюшку трэба было б паставіць. Ён заслужыў, дый ён наш нацыянальны герой

Спадар: “Вось Васілю Быкаву, сапраўдны пісьменьнік. Я б вельмі хацеў, каб яго памяць ушанавалі. А яшчэ — Пятру Машэраву. Ён быў выдатным кіраўніком Беларусі, яго людзі паважалі. А Кастусю Каліноўскаму, як нацыянальнаму герою, ды яшчэ дзе-небудзь у парку, дзе гуляе шмат людзей, каб бачылі й ганарыліся ім”.

Хлопец: “Тадэвушу Касьцюшку трэба было б паставіць. Ён заслужыў, дый ён наш нацыянальны герой”.

Дзяўчына: “Я б паставіла Якубу Коласу й Янку Купалу. На мой погляд, яны ўнесьлі самы значны ўклад у разьвіцьцё беларускай культуры й мовы”.

Спадар: “Вось, да прыкладу, Янку Купалу і Францыску Скарыну ўжо ёсьць помнікі, але я паставіў бы ім яшчэ, яны вартыя”.

Спадарыня: “Хацелася б, каб быў помнік Васілю Быкаву. Гэта народны пісьменьнік і любімы беларусамі”.

Дзяўчына: “Прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. Гэта геройская асоба, чалавек, так бы мовіць, з характарам. А яму помніка дагэтуль няма”.
Лукашэнку - геройская асоба, чалавек з характарам. А яму помніка дагэтуль няма

Хлопец: “Максіму Багдановічу”.

Карэспандэнт: “А чаму менавіта яму?”

Хлопец: “Ня ведаю, але ён мне вельмі падабаецца як паэт і як асоба”.

Другі хлопец: “А я б паставіў помнік Кастусю Каліноўскаму. Ён мне падабаецца...”

Спадар: “Кірылу Тураўскаму, сапраўднаму беларусу, якія шмат зрабіў для свайго народа й краіны”.

Спадарыня: “А я, да прыкладу, Уладзімеру Мулявіну. Чалавек, ня будучы беларусам па паходжаньні, столькі зрабіў для беларускай культуры, што нават прымусіў іншыя народы ведаць пра беларусаў, праславіў іх на ўвесь сьвет”.