Ці возьмуць Беларусь ва Ўсходнюю праграму?

Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пэтэрынг “настойліва заклікаў” афіцыйны Менск “вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна”.

Ён адзначыў, што “асноўныя свабоды грамадзянаў гэтай краіны не выконваюцца”. Непасрэднай падставай для гэтай заявы сталі 50 тысячаў подпісаў беларускіх грамадзянаў ў падтрымку свабоды сумленьня ў Беларусі. Іх перадалі ў Эўрапарлямэнт апазыцыйныя палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Павал Севярынец.

Спадар Мілінкевіч так распавядае пра сустрэчу з кіраўніком Эўрапейскага парлямэнту:

“Асабіста Пэтэрынг сказаў, што яго гэта вельмі ўражвае. Ён разумее, што людзі, якія ставілі подпісы, рызыкуюць. Сапраўды, там былі і штрафы, і арышты людзей, і перасьлед. Безумоўна, гэта і мужнасьць, і грамадзянская пазыцыя. І ён сказаў такія добрыя словы: “Мы заўсёды былі салідарныя з вамі. Але як важна, каб людзі ўнутры Беларусі былі салідарныя, калі яны змагаюцца за волю”.

Спадар Пэтэрынг настойліва заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Сьвірыд з такім падыходам ня згодны:

“Я лічу, што ў нас няма палітвязьняў. Паўтараю: няма ў нас палітвязьняў. Калі нехта хуліганіць, дык ён мусіць, як і ва ўсякай краіне, несьці за гэта адказнасьць, а не за тое, што яго палітычныя погляды разыходзяцца з палітычнымі поглядамі беларускай улады”.

У заяве Пэтэрынга згадваецца і тое, што беларускія ўлады парушаюць правы беларусаў на свабоду веравызнаньня. Сьвятар Аляксандар Шрамко так камэнтуе гэту сытуацыю:

“Самае галоўнае, парушаецца такі прынцып, што чалавек згодна са сваім сумленьнем можа вераваць. І гэта ў розных такіх аспэктах праяўляецца. Прыкладам, абмяжоўваюцца магчымасьці распаўсюджваньня сваёй веры. Зьмяншаюцца магчымасьці маліцца, бо калі менш за 20 чалавек зьбяруцца ў царкоўную супольнасьць, дык немагчыма стварыць абшчыну. І зарэгістраваць немагчыма, таму што трэба мець памяшканьне, якое адпавядае ўмовам. І гэта не павінна быць жылым памяшканьнем, як дазвалялася раней. А зараз трэба мець культавую пабудову. А яе можа пабудаваць толькі юрыдычная асоба. І атрымліваецца такое зачараванае кола”.

Вяртаючыся да сустрэчаў у Эўрапарлямэнце, Аляксандар Мілінкевіч адзначае, што Эўразьвяз, хаця Беларусь і не ўваходзіць у гэтую арганізацыю, будзе “вельмі сур’ёзна разглядаць гэтыя скаргі”. Аднак толькі нэгатывам размова не абмежавалася, цьвердзіць палітык:

“І былі таксама вельмі важныя размовы наконт таго, што Эўразьвяз зараз распрацоўвае спэцыяльную праграму Усходняга партнэрства. У іх ёсьць праграма партнэрства для Міжземнамор’я. А зараз палякі і швэды прапанавалі гэтую праграму зрабіць – для Украіны, Азэрбайджану, Грузіі і пад пэўнымі ўмовамі для Беларусі. І гэта для Беларусі вялікі шанец. Спэцыяльная праграма – гэта шмат лепш за праграму добрасуседзтва. Тут значна большыя магчымасьці. Але пэўныя ўмовы трэба выканаць”.

У камэнтары, які распаўсюдзіла пасьля сустрэчы прэсавая служба кіраўніка Эўрапарлямэнту, адзначаецца, што “толькі выкананьне асноўных дэмакратычных умоваў дазволіць Эўрапейскаму Зьвязу нармалізаваць адносіны зь Беларусьсю”.