С.Парсюкевіча этапавалі ў Шклоў

Менскі гарадзкі суд сёньня адхіліў касацыйную скаргу палітвязьня Сяргея Парсюкевіча, засуджанага на 2 з паловай гады пазбаўленьня волі за інцыдэнт у менскай турме на Акрэсьціна.
Сёньня ж вязьня накіравалі ў шклоўскую турму.

Калегія Менскага гарадзкога суду на чале з судзьдзём Валерам Камісаравым цягам амаль дзьвюх гадзінаў разглядала скаргу Сяргея Парсюкевіча і ягонай адвакаткі Веры Страмкоўскай на прысуд Маскоўскага раённага суду, выслухала дзяржаўнага абвінаваўцу і адваката, але пакінула прысуд бязь зьменаў. Самога прадпрымальніка ў суд не прывезьлі.

Адвакатка Вера Страмкоўская сказала, што зьбіраецца падаць новую наглядную скаргу на імя старшыні суду. Яна заўважыла, што пракурор ў сваёй сёньняшняй прамове ў гарадзкім судзе абверг тое, што Сяргей Парсюкевіч быў у турме зьбіты, хоць гэта пацьвярджаюць дакумэнты справы:

“Пракурор мусіў азнаёміцца з матэрыяламі справы напярэдадні паседжаньня калегіі. У матэрыялах ёсьць зьвесткі мэдычнай экспэртызы, зь якіх відаць, што Парсюкевіч быў зьбіты. Але ў сваёй прамове пракурор сказаў, што сьлядоў зьбіцьця няма. Чамусьці ён іх ня ўбачыў”.

Нагадаю, прадпрымальніка прызналі вінаватым ў зьбіцьці ахоўніка турмы на Акрэсьціна Аляксандра Дулуба. У турму Сяргей Парсюкевіч патрапіў пасьля мітынгу пратэсту 10 студзеня. Сам Парсюкевіч даводзіў у судзе, што насамрэч гэта яго пачаў зьбіваць міліцыянт, а ён мусіў абараняць сваё жыцьцё.

Як ўспрынялі сёньняшняе рашэньне гарадзкога суду сваякі прадпрымальніка?

“Асабліва і не зьбянтэжылася, бо нічога іншага і не чакала”, — сказала жонка прадпрымальніка Натальля. Маці Вера Фёдараўна сказала, што ў яе адразу падскочыў ціск, і папрасіла яе пашкадаваць. Напярэдадні жанчына падрыхтавала скаргу ў камісію ААН па правах чалавека. “Зараз гэтая скарга будзе цалкам дарэчы”, — сказала Вера Парсюкевіч.

Сёньня ж Сяргея Парсюкевіча адправілі ў Шклоўскую калёнію для адбыцьця пакараньня. Гэтыя дадзеныя пацьвердзілі ў Жодзінскай калёніі, дзе Сяргея Парсюкевіча трымалі пасьля судовага працэсу. Што чакае палітвязьня ў Шклове?

Цімох Дранчук, адзін са стваральнікаў грамадзкай арганізацыі дапамогі вязьням “Над бар’ерам”, распавёў пра гэтую вязьніцу:

“Пры наяўнасьці грошай там ёсьць ўсё — і сувязь, і бытавыя ўмовы. І ў маральным пляне, як казаў шмат хто з былых вязьняў гэтай калёніі, там дастаткова ўсё спакойна. Безумоўна, пры жаданьні ў любой калёніі пэўнаму вязьню можна стварыць проста жахлівыя ўмовы. Але ня думаю, што адносна Парсюкевіча будзе такі загад”.

Паводле жонкі прадпрымальніка, зараз галоўная задача для яе мужа — дамагчыся, каб яго паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь і зрабілі апэрацыю па выдаленьні паліпаў. Бяз гэтай апэрацыі Сяргею Парсюкевічу, у якога астма, цяжка дыхаць.