Рыхтуецца новы наступ на свабоду друку?

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае не прымаць новы закон “Аб сродках масавай інфармацыі” без шырокага абмеркаваньня. Журналісты заклапочаныя пагрозай абмежаваць іх правы на атрыманьне і перадачу інфармацыі, а таксама кантролем чыноўнікаў над інтэрнэтам.
Закон, які зараз рэгулюе дзейнасьць мэдый у Беларусі, быў прыняты ў 1995 годзе і, на думку выканаўчай улады і заканадаўцаў, састарэў. З 2002 году зьяўляюцца новыя законапраекты — усяго іх вядома чатыры — але прыняцьце закону ўсьцяж адкладалася. Паводле БАЖ, цяпер гэтаму працэсу нададзены новы імпульс. У Нацыянальным сходзе створаная працоўная група, якая праводзіць ледзь не штодзённыя паседжаньні. Актывісты арганізацыі незалежных журналістаў не выключаюць, што закон у першым чытаньні прымуць ужо на наступным тыдні. Між тым да тэксту праекту, які патрапіў у БАЖ, шмат прэтэнзій. Экспэрты БАЖ падзяліліся імі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Паводле намесьніка старшыні БАЖ, юрыста Андрэя Бастунца, найбольш выразна чыноўнікі спрабуюць наступаць на свабоду друку ў інтэрнэце:

“У законапраекце сказана, што правілы дзейнасьці інтэрнэт-мэдый будуць распрацаваныя ўрадам. Гэта азначае, што найбольш вольная частка інфармацыйнай прасторы Беларусі будзе рэгулявацца нават не законам, а падзаконнымі актамі, пастановамі ўраду, якія зьявяцца цягам 5 месяцаў пасьля прыняцьця закону”.

Што да звычайных газэт і часопісаў, у якасьці станоўчага моманту ў законапраекце экспэрты адзначаюць адмену ўзгадненьня месца знаходжаньня рэдакцый зь мясцовымі ўладамі. Але адразу кажуць і пра мінус — у выпадку зьмены гэтага месца мэдыям давядзецца праходзіць перарэгістрацыю. Як парушэньне правоў замежных інвэстараў успрынята абмежаваньне на замежныя інвэстыцыі — іншаземцы змогуць укладаць ня болей за 30% у капітал рэдакцый. Але галоўнае — для чыноўнікаў спрашчаецца магчымасьць закрываць сродкі масавай інфармацыі . Два папярэджаньні пра парушэньні — і можна хадайнічаць пра закрыцьцё газэты, заўважае экспэрт Юры Тапарашаў:

“Любое парушэньне зараз будзе падставай для пісьмовага папярэджаньня. Тыраж недакладна пазначаны, нешта недакладна напісана — усё, пісьмовае папярэджаньне. Калі раней быў дакладны пералік парушэньняў, пасьля якіх можна атрымаць такое папярэджаньне, то цяпер гэты пералік бясконцы”.

Міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” ужо выступіла з заявай, у якой заявіла пра сваю занепакоенасьць спробамі абмежаваць праз новы закон у Беларусі свабоду друку, уключна з інтэрнэтам. Актывісты БАЖ таксама кажуць пра прафэсійную салідарнасьць як сродак змаганьня за правы журналістаў у краіне. Старшыня БАЖ Жанна Літвіна паведаміла, што БАЖ накіруе ўсім дэпутатам адмысловыя звароты:

“Першае ў гэтым звароце — каб яны паспрыялі надрукаваньню праекту закону. Другое — мы патрабуем шырокага абмеркаваньня новаўвядзеньняў. Трэба нагадаць дэпутатам пра іх адказнасьць перад грамадзтвам”.

Жанна Літвіна нагадала, што раней парлямэнтары абяцалі накіраваць законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі” на экспэртызу ў эўрапейскія структуры.

БАЖ зьвярнуўся ў Нацыянальны сход з просьбай дапусьціць прадстаўнікоў арганізацыі на паседжаньне працоўнай групы па законапраекце, якое адбудзецца 16 чэрвеня. Пакуль адказу журналісты не атрымалі.