“Гэты закон нашай працы перашкодаў ня зробіць”

Андрэй Клімаў, Віктар Івашкевіч і Павал Мажэйка ў свой час былі пакараныя за публікацыі ў незалежных газэтах. На судзе яны казалі, што скарысталі інфармацыю, якую знайшлі ў інтэрнэце. Яны лічаць, што новы закон аб сродках масавай інфармацыі, калі ён нават і паставіць пад больш пільны кантроль уладаў разьмяшчэньне публікацый у інтэрнэце, ня зможа спыніць распаўсюджваньне аб’ектыўнай інфармацыі, непажаданай для ўладаў.
Андрэя Клімава арыштавалі 3 красавіка 2007 году. Падставай стаў артыкул у інтэрнэце, у якім, на думку сьледчых, зьмяшчаліся заклікі да зрынаньня існуючай улады. У верасьні палітыка пакаралі зьняволеньнем на два гады.

Ён выйшаў на волю сёлета 15 лютага.

“Я асабіста не баюся, што інтэрнэт у нас можа стаць абмежаваным, бо мы жывем не ў Туркмэністане. Мы ўсё ж такі ў Эўропе, і тэлекамунікацыі рухаюцца наперад. Людзі жывуць сваім жыцьцём, не зьвяртаючы ўвагі на ўладу. Гэта таксама своеасаблівая форма пратэсту. Час не стаіць на месцы. Гэта ўлада можа заставацца на месцы ў сярэднявеччы, а людзі не застаюцца на месцы. Яны прыстасоўваюцца. Жыцьцё ж адно нам дадзенае”.

Віктар Івашкевіч ад 16 сьнежня 2002 году адбываў абмежаваньне волі на так званай “хіміі” ў Баранавічах. Суд пакараў яго двума гадамі за публікацыі ў газэце “Рабочы”, рэдактарам якой ён быў.

“Сам інтэрнэт-рэсурс закрыць яны ня могуць, бо ён зарэгістраваны за межамі краіны. Тых, якія зарэгістраваныя ўнутры Беларусі, мала. Іншая рэч, што будуць шукаць людзей, якія адказныя за гэтыя рэсурсы. Гэта й будзе мэханізм ціску. Тады трэба будзе працаваць пад псэўданімамі.

Заўсёды, калі людзі хочуць рабіць і сустракаюць цяжкасьці, яны знаходзяць магчымасьці абысьці гэтыя цяжкасьці. Праблемы ўлада стварае. На тое яны й дыктатарская ўлада, каб ствараць дэмакратычным колам праблемы. Ну, а задача дэмакратычных колаў — іх пераадольваць”.

Гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка за публікацыі ў газэце “Пагоня” адбываў пакараньне на “хіміі” ў Жлобіне. Ён выказаў сваю думку наконт узмацненьня рэпрэсіўнасьці заканадаўства ў дачыненьні да незалежных СМІ.

“Я ня думаю, што ў рэпрэсіўных органаў у апошнія некалькі гадоў былі нейкія перашкоды, каб перасьледаваць журналістаў, шукаць падставы для іх крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зачыняць газэты. Але вядома, што ўлады любяць хавацца за нейкія фармальнасьці, за законы, каб казаць, што вось ёсьць закон і паводле яго мы судзім, што ўсё законна і г.д. Таму мэта новага закону, калі ён будзе прыняты, — менавіта фармалізаваць перасьлед журналістаў. Мне падаецца, што ў незалежнай журналістыцы засталіся людзі, якіх нічым не запалохаеш, ня спыніш. Таму нашай працы гэты закон асаблівых перашкодаў ня зробіць”.