Сёньня — Дзень беларускай салідарнасьці

Сёньняшні Дзень салідарнасьці моладзь адзначае налепкамі і інфармацыйнымі ўлёткамі ў Менску і ў рэгіёнах Беларусі.
Пікеты каля будынкаў беларускіх амбасадаў адбудуцца ў Польшчы, Літве і Ўкраіне. Ад кастрычніка 2005 году ў 16 дзень кожнага месяца прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці выказваюць салідарнасьць зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Акцыі салідарнасьці адбываюцца ў розным фармаце.

На менскіх вуліцах на прыпынках грамадзкага транспарту і на будынках дамоў зьявіліся налепкі з выявай “16” як напамін усім грамадзянам пра зьніклых — апанэнтаў цяперашняй улады, а таксама пра палітвязьняў Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Казуліна.

Ад кастрычніка 2005 году акцыі адбываліся ў розных фарматах: ладзіліся флэшмобы, жывыя ланцугі, вывешваліся расьцяжкі з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў, навязваліся джынсавыя і бел-чырвона-белыя стужкі. У 2006 годзе некалькі акцый адбыліся каля будынку расейскай амбасады. За ўдзел у акцыях салідарнасьці спэцназаўцы затрымлівалі па некалькі дзясяткаў чалавек.

Калі ў мінулым месяцы на Кастрычніцкай плошчы моладзь і прадстаўнікі палітычных партый ладзілі жывы ланцуг з партрэтамі зьніклых і палітвязьняў, а таксама пэрформанс каля кінатэатру “Кастрычнік” супраць хлусьні ў дзяржаўных сродках інфармацыі, то гэтым разам вырашылі абмежавацца інфармацыйнай кампаніяй.

Гаворыць актывіст моладзі БНФ Франак Вячорка:

“Сёньня не адбудзецца масавых вулічных акцый, флэшмобаў, ланцугоў. З вулічных акцый сёньня адбудзецца толькі малітва каля кляштара бэрнардынаў. Адбудзецца традыцыйнае выстаўленьне сьвечак на вокнах дамоў у падтрымку тых, хто быў рэпрэсаваны альбо неправамерна асуджаны. Моладзь здае сэсію, вучыцца і ня хоча падстаўляцца перад сваімі навучальнымі ўстановамі. Але я мяркую, як настане восень, то пачнецца гарачая пара”.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што вулічныя акцыі салідарнасьці адбудуцца за межамі краіны. Толькі а 8 вечара каля кляштара бэрнардынаў людзі зьбяруцца на сумесную малітву за лёс Беларусі.

“Сёньня, 16 чысла, у Дзень салідарнасьці, моладзевыя актывісты па ўсёй Беларусі распаўсюджваюць інфармацыйныя матэрыялы. На прыпынках, на рэклямных слупах, на тумбах для афішаў расклейваюцца ўлёткі з сымбалем “16”, якія нагадваюць пра Дзень салідарнасьці. Моладзь па ўсёй Беларусі патрабуе свабоды Андрэю Кіму, Сяргею Парсюкевічу і Аляксандру Казуліну”.

У Польшчы, Літве, Украіне, Эстоніі, Бэльгіі студэнты-беларусы будуць ладзіць пікеты насупраць беларускіх амбасадаў. Яны запаляць сьвечкі і паставяць каля бел-чырвона-белага сьцяга партрэты зьніклых і палітвязьняў. Мінакам будуць раздаваць інфармацыйныя бюлетэні пра палітычную сытуацыю ў Беларусі.