Яны баяцца розгаласу

Ці можна наогул неяк абараніць свае правы звычайным грамадзянам, калі міліцыя перавышае свае паўнамоцтвы й незаконна абмяжоўвае правы?
Наконт гэтага разважаюць грамадзкія актывісты з Гомельскай вобласьці.

Прадпрымальнік з Рэчыцы Леанід Невар мае свой досьвед зусім ня дзелавых стасункаў зь мясцовай міліцыяй і, у прыватнасьці, з супрацоўнікамі ДАІ.

Падчас выбарчай кампаніі 2004 году, калі прадпрымальнік вырашыў балятавацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, яго розным чынам спрабавалі выштурхнуць з кампаніі.

Міліцыя ўчыняла ператрусы, калі дома ў прадпрымальніка зьбіраліся чальцы каманды альбо незалежныя кансультанты зь Менску.

Аднойчы былы начальнік мясцовай ДАІ Аляксандар Фядак разам з падначаленымі дзяржаўтаінспэктарамі арганізаваў пагоню за аўтамашынай прадпрымальніка. Невара вінавацілі ў тым, што ён не падпарадкоўваўся інспэктарам і наагул хацеў уцячы ад іх.

Прадпрымальніка праз суд пазбавілі на тры гады пасьведчаньня на права кіраваньня аўтамашынай.

Леанід Невар не маўчаў, але ў суд не зьвяртаўся:

“Я не пайшоў у суд, бо ён залежны ад мясцовай улады. Я спрабаваў абараняцца з дапамогай пракуратуры. За тры з паловай гады я прайшоў усе ступені — ад нізавога зьвяна да Генэральнай пракуратуры. Але, як правіла, на ўсіх этапах атрымліваў адпіскі. Уражаньне такое, што пракуратура давала адказы, нібы пад капірку, каб я толькі адчапіўся. Што далей рабіць? Патрэбны розгалас! Розгалас і яшчэ раз розгалас. Яны баяцца розгаласу. Калі мы ня будзем маўчаць, будзем выступаць, — гэта можа хоць нешта зьмяніць”.

Сябра АГП, чарнобыльскі ліквідатар з Калінкавічаў Васіль Сіліверст таксама ня раз зазнаў перасьлед з боку міліцыі й спэцслужбаў. Міліцыянты затрымлівалі яго бяз дай прычыны, калі ён зьбіраўся выправіцца ў Менск на выбары альбо на той жа “Чарнобыльскі шлях” :

“Вартавала мяне міліцыя ў пад’езьдзе, здымала зь цягніка. Я зьвяртаюся напачатку ў аддзел міліцыі, а потым да пракурора. Але яны так усё завалакіцяць, як быццам нічога й не было. У суд падаваць на іх — карысьці ніякай. І суд, і пракуратура, і міліцыя — усё гэта адна сыстэма, скіраваная супраць чалавека. Яны найперш ратуюць сваю скуру. Каб нешта давесьці, патрэбныя пераканаўчыя факты — відэаздымкі, аўдыёзапіс, сьведкі. Але ж калі ты сам-насам зь міліцыянтамі, нічога давесьці немагчыма. Вераць больш міліцыянтам. Змагацца трэба разам, як удзельнікі “жывога шчыта”. Выкручвацца тады міліцыі вельмі цяжка, калі шмат людзей падае на іх скаргі”.