Арыштаваны былы лідэр “Белага легіёну” Сяржук Чыслаў

Сяржук Чыслаў арыштаваны 7-га ліпеня і зараз знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці актывіста Галіна Чыслава.
Таксама супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры яе дачкі Натальлі і забралі пусты пакет ад соку ды паўпустую бляшанку з лакам.

“Яны шукалі выбухоўку і казалі, што зараз сын за ўсё адкажа, маўляў, ён шмат чаго нарабіў. Але Сяргей ня мог нічога зрабіць супроць людзей, ён чалавек веруючы”, – кажа Галіна Чыслава.

Паводле яе словаў, больш за год таму Сяргей Чыслаў зьехаў у Маскву, дзе займаўся бізнэсам. Пра тое, што ён знаходзіўся ў Менску падчас сьвятаў, маці актывіста ня ведала.

“Белы легіён” – незарэгістраваная арганізацыя, якая ўзьнікла ў 1990-ых гадох мінулага стагодзьдзя. Актывісты “Белага легіёну” заяўлялі пра неабходнасьць бараніць незалежнасьць Беларусі. Невядома пра прыналежнасьць актывістаў арганізацыі да экстрэмісцкай дзейнасьці. Апошнія некалькі гадоў пра акцыі з удзелам “Белага легіёну” не паведамлялася.