Міліцыя яшчэ не гатова апублікаваць фотаробаты

Ва ўпраўленьні інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў не паведамілі пра колькасьць затрыманых пасьля выбуху 4 ліпеня спасылаючыся на тайну сьледзтва.

Па словах выканаўцы абавязкаў начальніка ўпраўленьня Канстанціна Шалькевіча, абвінавачаньне на гэты момант нікому не прад’яўлена. Статус затрыманых не агалошваецца – зь імі вядзецца праца ў рамках крымінальнай справы.

Фотаробаты падазраваных складзены і пра гэта кіраўнік сьледчай групы Аляксандар Шчурко заявіў яшчэ ў панядзелак. Аднак, як патлумачылі ва ўпраўленьні інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў, гэтыя фотаробаты дагэтуль афіцыйна не распаўсюджваюцца, бо няма “адзінай думкі наколькі яны праўдзівыя, і наколькі яны могуць дапамагчы сьледзтву”. Яны сабраныя з розных паказаньняў, але гэтыя людзі не зьбіраліся ў адно месца і не было агульнага абмеркаваньня, бо многім яшчэ не дазваляе здароўе. “Па гэтай прычыне мы ня хочам, каб сьледзтва пайшло ў іншы бок”, - патлумачылі ва ўпраўленьні МУС.