Хочаш удзельнічаць у выбарах? Звальняйся!

Сёньня ініцыятыўныя групы некаторых прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты зарэгістраваліся і пачалі зьбіраць подпісы. Працэс вылучэньня будзе доўжыцца яшчэ амаль месяц.

Гомель

Папярэджаньне пра звальненьне атрымаў прадстаўнік Аб’яднаных дэмсілаў у Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 38, актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ” Кастусь Жукоўскі. Ён працуе таксістам:

“Калі я прывёз дзённую выручку, мяне запрасіў да сябе дырэктар фірмы “Інтэргрань” і прапанаваў, каб я альбо забіраў свае паперы наконт балятаваньня кандыдатам у дэпутаты ў Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе, альбо са мною будзе перапынены працоўны кантракт. Дырэктар сказаў, што зь ім паразмаўлялі людзі — не казаў, хто канкрэтна — і параілі навесьці парадак. Інакш заклічуць да парадку яго самога.

Паколькі дырэктар шчыры чалавек — на такіх трымаецца эканоміка, то я не хачу яго падстаўляць, бо ведаю, чым гэта можа скончыцца. Буду звальняцца сам”.

З прычыны ціску спадар Жукоўскі даслаў сёньня заявы ў пракуратуру, адміністрацыю прэзыдэнта й Цэнтравыбаркам з просьбай высьветліць, хто “апрацоўвае” кіраўнікоў, каб тыя звальнялі з працы мажлівых кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі.

Паводле актывіста, вядзецца мэтанакіраваны ціск на апанэнтаў улады:

“Ідзе мэтанакіраваны ціск на людзей, якія маюць свае думкі, свае погляды й перакананьні, з тым, каб яны нідзе не працавалі. Потым кажуць: апазыцыя нідзе не працуе, яе ніхто не бярэ — і яна зьяжджае за мяжу. Гэта той жа 37-ы год, толькі людзей не страляюць, а прымушаюць зьехаць з гэтай краіны”.

Берасьце

Ужо трэці дзень у Берасьці працуе ініцыятыўная група Ігара Маслоўскага, яці зьбіраецца балатавацца ў Берасьцейскай усходняй выбарчай акрузе:

“Мы першымі атрымалі афіцыйны дазвол на працу, а таму на паседжаньні штабу вырашылі, што будзем зьбіраць 2000—3000 подпісаў, калі на тое будуць умовы і магчымасьці. Каб падстрахавацца, дастаткова 1200 подпісаў, але мы скіраваныя на задачу — як мага больш наведаць людзей”.

Барысаў

Сёньня старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў паведаміў нашаму радыё:

“500 нашых актывістаў удзельнічаюць у гэтай выбарчай кампаніі. Людзі працуюць у ініцыятыўных групах, а таксама вылучаюцца як прэтэндэнты на кандыдатаў у дэпутаты”.

Асабіста Віктар Гарбачоў вылучаецца ў Барысаве. Сёньня ён зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу:

“У мяне 22 чалавекі. Гэта правераныя людзі. Іх нельга ўжо зламаць. Яны ўжо не адмовяцца ад свайго палітычнага выбару”.

Горадня

На Гарадзеншчыне 13 выбарчых акругаў. 13 прадстаўнікоў АДС маюць намер балятавацца.

Кіраўнік абласной структуры АГП Юры Істомін, калі мы зь ім зьвязаліся, знаходзіўся ў Наваградку, дзе здаў дакумэнты сваёй ініцыятыўнай групы. Ён паведаміў, што ў камісіях таксама ляжаць сьпісы яшчэ дзьвюх групаў яго аднапартыйцаў. Што тычыцца Івана Крука, які зьбіраецца балятавацца ў Івейскай акрузе № 53, то інфармацыі ад яго яшчэ не было.

Як разьмеркавалі паміж сабой акругі ў Гарадзенскай вобласьці прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў? Гаворыць адзін з кіраўнікоў абласной кааліцыі АДС Сяргей Мальчык:

“Згодна з нашай дамоўленасьцю, з рашэньнямі Палітрады і нашай абласной Рады АДС мы разьмеркавалі так: чатыры акругі — партыя БНФ, чатыры — АГП, адна — БСДГ, адна — БСДП і адна — Малады фронт, камуністы — дзьве акругі: Шчучынская і Дзятлаўская”.

І таксама сёньня прэтэндэнт па Слонімскай акрузе № 58 Іван Шэга зьвярнуўся з заявай у акруговую выбарчую камісію й Цэнтравыбаркам з патрабаваньнем наладзіць працу акруговай камісіі адпаведна з заканадаўствам.

У сваёй заяве Іван Шэга піша, што прыйшоў у райвыканкам, каб падаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. У будынку сутыкнуўся з тым, што ня мог знайсьці памяшканьне, дзе засядае камісія, бо не было аніякіх абвестак.

Калі кабінэт усё ж знайшоў, то высьветлілася, што нікога няма. Потым некаторы час яму давялося шукаць старшыню камісіі, Алену Мачаліну — яна кіраўніца справаў райвыканкама.

“Бывала, калі прыходзіш да той жа Мачалінай, яна займаецца паралельна іншымі справамі райвыканкама, у яе знаходзяцца людзі. І калі я адарваўся з працы, то даводзіцца стаяць у яе пад дзьвярыма нават да гадзіны. Такую практыку трэба мяняць: калі яна займаецца выбарамі, то няхай імі займаецца”.

Перш чым пісаць заяву, са слоў спадара Шэгі, ён неаднакроць прачытаў выбарчае заканадаўства. Іван Шэга патрабуе, каб праца камісіі была наладжана згодна з заканадаўствам РБ.

Сёньня стала вядома, што ў Горадні зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы дэмакратычных кандыдатаў па адной і той жа Гарадзенскай Занёманскай акрузе № 49. Сярод прэтэндэнтаў — незалежны кандыдат Сяргей Кузьмянок, Вадзім Саранчукоў ад партыі БНФ і незалежны кандыдат Аляксандар Васільеў, былы палітвязень.