АДС хоча вылучыць 1500 чалавек ва ўчастковыя камісіі

Пачаўся чарговы этап выбарчай кампаніі – ад мінулай нядзелі ідзе вылучэньне кандыдатур у склад камісіяў, якія будуць лічыць галасы выбарцаў. Усяго падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў будуць працаваць 6500 участковых камісіяў.
Фармаваньне участкаў завяршылася 26 ліпеня, — кажа “Свабодзе” сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

“Цяпер пачалося вылучэньне ў склад участковых камісіяў. Гэтая працэдура працягнецца да 10 жніўня. А затым яшчэ тры дні даюцца мясцовым выканаўчым камітэтам для ўтварэньня камісіяў. Гэта значыць, што 13 жніўня ўсе ўчастковыя камісіі павінны быць сфармаваныя”.

Колькі чалавек можа вылучыць у склад камісіяў апазыцыя? Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа, што назваць канкрэтную лічбу яшчэ немагчыма:

“Мы пакуль што ня ведаем, на жаль. Учора, праўда, зьбіраліся рэгіяналы, а сёньня размаўляў з партыйцамі, якія за гэта адказваюць. І дамовіліся сабраць зьвесткі на пятніцу”.

Раней называлася лічба – паўтары тысячы магчымых вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Спадар Карняенка гаворыць, што на гэтую лічбу будуць арыентавацца:

“Такія пляны ёсьць. Калі будзе менш, значыць, гэта будзе невыкананьне пастаўленых задач. Хацелася б, каб было больш. Але мы ведаем — звычайна, калі фармуюцца ініцыятыўныя групы на прэзыдэнцкіх выбарах, напрыклад, гатовыя рызыкнуць тысячы 4. У лепшым выпадку — 6. А насамрэч працуюць тысячы 3. З гэтых разьлікаў мы і робім высновы”.

У выбарчым штабе АДС кажуць, што ў справе вылучэньня шмат што будзе залежыць ад актыўнасьці канкрэтных кандыдатаў у дэпутаты. Юрась Карэтнікаў — патэнцыйны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат. Яго ініцыятыўную групу ўжо зарэгістравалі. Спадар Карэтнікаў адзначае:

“Пэўную працу мы ўжо распачалі. Мы будзем вылучаць прадстаўнікоў нашай каманды ў склад участковых камісіяў. А таксама будзем выкарыстоўваць магчымасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Я канкрэтна разьлічваю на сёньняшні патэнцыял. У маю ініцыятыўную групу ўвайшло 88 чалавек. Калі нават частка гэтых людзей пройдзе ў склад участковых камісіяў, дык я буду задаволены. Бо гэта дазволіць нам у пэўным сэнсе кантраляваць сытуацыю на месцах”.