Слонім: ператрус у сябра ініцыятыўнай групы

Віталь Ешану па тэлефоне паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі і КДБ шукалі ў ягонай кватэры наркотыкі.
Наркотыкаў не знайшлі, але канфіскавалі некалькі старых брашураў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Са слоў спадара Ешану, міліцыянты спасылаліся на ананімнае паведамленьне, маўляў, у кватэры, якая яму належыць, робяць наркотыкі. Якіх-кольвек дакумэнтаў на права правесьці ператрус, паводле В.Ешану, міліцыянты таксама не прадастаўлялі.

Віталь Ешану зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі ад Беларускага народнага фронту. Ён лічыць, што ператрус быў учынены з мэтай знайсьці агітацыйную літаратуру.

У міліцыі зараз знаходзяцца і іншыя сябры ініцыятыўнай групы, а таксама Іван Шэга, іх таксама апытваюць у гэтай справе. Сёньня яны пачалі зьбіраць подпісы за вылучэньне Івана Шэгі кандыдатам у дэпутаты.