"Беларускія ВНУ засталіся на савецкім узроўні"

Адлічаны летась за палітычную актыўнасьць з IV курсу Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Юрась Алейнік цяпер вучыцца на бюджэтнай аснове ў дзяржаўным унівэрсытэце “Вышэйшая школа эканомікі” ў Маскве.
Пры тым, што платныя факультэты ў такіх ВНУ ў некалькі разоў перавышаюць коштам беларускія, мой суразмоўца акцэнтуе ўвагу на галоўным моманце: дыплёмы той самай Вышэйшай школы эканомікі маюць высокую каціроўку ў Эўропе, тады як беларускія — выключна для ўнутранага карыстаньня і не прызнаюцца нават у Расеі. Беларускія ВНУ “закансэрваваліся” яшчэ на савецкім узроўні, ня маючы якаснага навуковага разьвіцьця:

“Калі я паступаў у Вышэйшую школу эканомікі (а гэта, трэба адзначыць, адна з найбольш элітных ВНУ Расеі, дыплём якой прызнаецца ўва ўсім сьвеце), для мяне ўвогуле было дзіва, што там існуюць бюджэтныя месцы. А яшчэ большай нечаканасьцю — колькі гэтых месцаў. Калі я прыехаў, то думаў, што там толькі платнае навучаньне. А высьветлілася, што прапорцыі дзесьці 60/40, прычым на карысьць бюджэтных месцаў.

Мне цяжка казаць за ўсю Расею, але ў Маскве гэта ўжо ўстановы, якія нагадваюць заходнія ўнівэрсытэты. А тое, што ў Беларусі падвышаюцца цэны, гэта мне вельмі знаёма. Калі я вучыўся чатыры гады ў Акадэміі кіраваньня, былі часы, што мае аднагрупнікі за год пяць разоў перапісвалі дадаткі да дамоваў, бо 4—5 разоў на год падвышаўся кошт навучаньня. Пачыналі першы курс з 970 даляраў, на сёньняшні дзень гэта штосьці каля 1500 даляраў. Самі бачыце, што лічба павялічылася вельмі істотна”.