Сьледчыя ў справе выбуху шукаюць сямейнае відэа

У Менску і ў рэгіёнах супрацоўнікі КДБ выклікаюць на допыты прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, а ў іхніх кватэрах робяць ператрусы.
Колькасьць дапытаных у гэтай справе пераваліла за 1000.

У Менску і ў рэгіёнах на допыты ў КДБ і міліцыю ў справе менскага выбуху па-ранейшаму выклікаюць апазыцыянэраў. Сёньня былы палітвязень Цімафей Дранчук адказваў на пытаньні сьледчых КДБ у крымінальнай справе па факце злоснага хуліганства (так улады кваліфікавалі выбух бомбы, які параніў больш за паўсотню чалавек).

Цімафей Дранчук паведаміў “Свабодзе”, што сьледчых больш цікавіла інфармацыя, зьвязаная зь дзейнасьцю незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

“Шмат пытаньняў, якія выбуху ня тычацца абсалютна. Пыталіся: “Чым вы займаецеся? Якое маеце дачыненьне да “Маладога фронту”? Якія акцыі плянуюцца ў “Маладым фронце”?” і г.д. Такім чынам, карыстаючыся гэтым выбухам, яны папросту папаўняюць сваю апэратыўную базу, і замест таго каб займацца гэтым у сваім звычайным рэжыме, ціха зьбіраць зьвесткі, яны карыстаюцца гэтым момантам (выбухам), каб папоўніць гэтую базу і спрасьціць сваю працу”.

Тым часам прадстаўнікі ГУУС паведамілі, што на так званым “дэтэктары хлусьні” праверылі паказаньні аднаго са сьведкаў выбуху, прозьвішча якога не назвалі. Вядома толькі, што гэта беспрацоўны мянчук, якому 47 гадоў.

Супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка распавёў “Свабодзе” пра ход сьледзтва:

“Мы раней апублікавалі фотаздымкі людзей зь месца выбуху. Апошні чалавек, які нас цікавіў, літаральна ў панядзелак прыйшоў у Кастрычніцкі РУУС і даў паказаньні. Зь ім правялі першапачатковы комплекс сьледча-апэратыўных мерапрыемстваў, які даў шмат каштоўнай інфармацыі.

Цяпер нас вельмі цікавіць сям’я, якая знаходзілася ў эпіцэнтры выбуху, які не адбыўся. Мы распаўсюдзілі прыкметы. Гэта мужчына, жанчына і хлопчык, які танчыў. Яны здымалі дзіця на відэа, і менавіта гэтае відэа нас цікавіць.

Відэа рабілі перад самым выбухам. Нас цікавяць ня людзі, а відэазапіс.

Мы дапыталі вялікую колькасьць людзей. Лічба апытаных людзей і дапытаных сярод іх — тых, хто для нас ёсьць сьведкамі, — ужо пераваліла за тысячу”, — паведаміў Алег Сьлепчанка.