А.Сурыкаў прапануе “абнуліць балянс” праз адзіную валюту

14 жніўня плянуецца сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі. Тэмы перамоваў: чарговы крэдыт, цана на газ, а таксама “можа быць пачатак перамоваў пра адзінства валюты”, — паведаміў расейскі амбасадар.

За першае паўгодзьдзе 2008 году ў таваразвароце паміж Расеяй і Беларусьсю дысбалянс павялічыўся ў 2 разы, паведаміў дыплямат. Адмоўнае сальда Беларусі складае 6 мільярдаў даляраў. “Плацёжны балянс Беларусі пагаршаецца”, — зазначыў ён.

Паводле словаў Аляксандра Сурыкава, 14 жніўня “можа быць пачатак перамоваў пра адзіную валюту, каб гэты балянс абнуліць”.

“Ня бачу перашкодаў, зьвязаных з валютай, у канстытуцыях. Эўразьвяз жыве без канстытуцыі і пры адзінай валюце. І ўсё сувэрэнныя і незалежныя”, — перакананы спадар Сурыкаў.