У 11 ВНУ недабралі студэнтаў нават бясплатна

Падведзеныя вынікі ўступнай кампаніі. Самай вялікай інтрыгай сёлетняй уступнай кампаніі былі прахадныя балы. Вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі сёньня давалі справаздачу журналістам.
Сёлета студэнтамі сталі 83 500 абітурыентаў. На бюджэтную дзённую форму навучаньня залічана 23 800 студэнтаў.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньня ўступных іспытаў Анатоль Рубінаў даў такую ацэнку ўступнай кампаніі:

“У параўнаньні зь мінулымі гадамі кампанія прайшла найбольш арганізавана, спакойна. Па-другое, арганізацыя працэсу цэнтралізаванага тэставаньня — на вельмі высокім узроўні. Мэханізм настолькі адладжаны, да аўтаматызму, што тут камар носу не падточыць. Па-трэцяе, сёлета сыстэма падліку балаў пры выстаўленьні адзнакі была цалкам адэкватнай”.

Нагадаю, што на цэнтралізаваным тэставаньні па расейскай мове, матэматыцы больш за 40% абітурыентаў набралі менш за 20 балаў — то бок не дасягнулі мінімуму, які дазваляе падаваць дакумэнты ў ВНУ. І Мінадукацыі ў тэрміновым парадку зьнізіла плянку — да 13 балаў па расейскай і беларускай мовах, да 8 балаў па матэматыцы. Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў прызнае, што тут ёсьць праблема:

“Пытаньні на будучыню — ніжняя мяжа бала. Я, напрыклад, лічу, што яна павінна быць. Мы яе спрабавалі ўсталяваць рашуча — там 15 балаў летась, 20 балаў сёлета. Але гэта не для кожнага прадмета падыходзіць. І мы павінны разьлічваць гэтую мяжу ўжо пасьля таго, як вымалёўваецца агульная карціна. Да прыкладу, мяжу ў 10% мы павінны трымаць”.
На пэдагагічныя спэцыяльнасьці мы не дабралі. Чаму? Дзяцей стала менш, таму і настаўнікаў трэба менш.

Шмат хто з абітурыентаў спадзяваўся, што прахадныя балы будуць ніжэйшыя за леташнія, бо тэсты ў цэлым здаваліся сёлета значна горш. Але гэтага не адбылося: у БДУ на філязофію прахадны бал быў 344, на міжнародныя адносіны — 370, на прыкладную матэматыку — 340.

У БНТУ прахадны бал на факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва быў каля 300. 342 балы трэба было набраць, каб паступіць на перакладчыцкі факультэт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

А вось у пэдунівэрсытэт імя Танка на спэцыяльнасьці “фізыка і матэматыка” прымалі са 135 баламі. У 11 ВНУ засталіся вакансіі на бюджэтныя месцы (на 46 спэцыяльнасьцях). Адна з прычын — абмежаваная колькасьць тэстаў: толькі тры. Але павялічваць іх колькасьць, каб у абітурыента быў большы выбар спэцыяльнасьцяў, наўрад ці будуць, заявіў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Абітурыентам трэба адразу выбраць спэцыяльнасьць і больш адказна рыхтавацца. На платныя аддзяленьні таксама ўсіх запар набіраць ня будуць, сказаў спадар Радзькоў:

“Мы разумеем, што прыём трэба рэгуляваць. Здавалася б, хоча чалавек платна вучыцца. Ну як яму адмовіць? Але мы адказваем за якасьць адукацыі. І другое — гэта занятасьць насельніцтва. На жаль, на некаторыя спэцыяльнасьці мы нават не дабралі. Да прыкладу, на пэдагагічныя спэцыяльнасьці. Чаму? Дзяцей стала менш, таму і настаўнікаў трэба менш”.

Такая сытуацыя пацягне за сабой зьмяншэньне плянаў прыёму на пэўныя спэцыяльнасьці. Тым часам у наступным годзе ў сувязі зь пераходам на 11-гадовую адукацыю адбудуцца два выпускі сярэдняй школы і два выпускі базавай школы.