“Чалавек сядзіць у клетцы, мае два квадратныя мэтры”

Былыя палітвязьні Міхаіл Чыгір, Валеры Шчукін і Валеры Леванеўскі расказваюць пра турэмныя ўмовы.
Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір. Быў зьняволены 30 сакавіка 1999 году, выйшаў на свабоду 30 лістапада 1999 году – за кратамі быў 246 дзён.


Міхаіл Чыгір пра ўмовы на Валадарцы.

“У ізалятары ёсьць камэры ў падзямельлі і там улетку такая духата, што людзі ня могуць дыхаць. Усе сьцены плачуць, цякуць. Паветра не хапае. Вэнтыляцыі дастатковай няма. Умовы страшныя і многія ж не вытрымліваюць. Чалавек сядзіць у клетцы, мае там два квадратныя мэтры – назад-наперад. І 30 хвілінаў прагулкай называецца, дзе неба таксама праз краты. Вядома, што цяжка гэта ўсё успрымаецца, пераносіцца. Калі чалавек учыніў злачынства, ён мусіць быць да гэтага гатовы. А для таго, хто нічога незаконнага не рабіў, наогул, незразумела за што і чаму. І гэтае пытаньне паўстае штодня. Ну, заўтра паглядзяць, разьбяруцца, ну пасьлязаўтра...

Чалавек не разумее чаму – вось жалезныя дзьверы зачыняюцца і на гэтым усё. Як робіцца?! Віну не прызнаеш – сьледчы пайшоў. Месяц, другі – сьледчы не прыходзіць. І што чалавек павінен думаць? Прыйшоў праз два месяцы, пытаецца: “Ты прызнаеш?” Не прызнаеш. І зноў пайшоў на два месяцы. Гэта ня кожны можа вытрымаць...”

Валеры Шчукін. Шмат разоў адбываў адміністрацыйныя аршыты. Па крымінальнай справе за спробу трапіць на прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных спарваў быў зьняволены 12 чэрвеня 2001 году, выйшаў на свабоду 13 верасьня 2001 году. Адсядзеў ў жодзінскай турме 94 дні


Але з усіх адседак Шчукіну найбольш востра згадваецца адзін дзень у Жодзінскай турме. Дзень, калі яму гвалтам пагалілі бараду.

“І вось мяне пасадзілі.З аднаго боку мардаварот, з другога таксама, але ўжо з тупым лязом “Ніва”. Сказалі, што, калі буду варушыцца, будуць біць дубінкамі. А паколькі біць дубінкамі – мяне не спужаеш, то сказалі, што будуць галіць на сухую. І ў мяне адразу сьлёзы на вачах. У мяне вельмі жорсткая шчаціна. Уласна, гэта адна з прычынаў, чаму я нашу бараду – у мяне з гэтым усё жыцьцё былі праблемы. І калі я ўявіў, што яны будуць насуха мяне галіць, то сказаў гэтаму зэку: “Добра, выконвайце каманду, я на вас крыўды ня буду трымаць”.


Прадпрымальнік Валеры Леванеўскі. Быў зьняволены 1 траўня 2004 году, выйшаў на свабоду 15 траўня 2006 году. Правёў за кратамі 745 дзён

З турэмнага дзёньніка:

“Хтосьці спэцыяльна выключыў у нашай камэры гарачую ваду…
Памыўся халоднай вадой. Кеша і Сяргей мыцца пад халоднай вадою адмовіліся. Кеша, сукамэрнік, 49 гадоў. Сядзеў, па ягоных словах, шмат разоў. У камэру прыйшоў два-тры тыдні таму, брудны, безь бялізны, без шкарпэтак, у падраных спартовых портках і зімовых чаравіках… Адмылі мы яго… Любіць лазіць па маіх рэчах, калі я сплю. Перадачаў яму ня носяць. Можа дзень і ноч сам з сабою размаўляць. Пастаянна крыўдзіць Сярожу. Сяргей з Наваградку, 1977 году нараджэньня. Глуханямы. Пасадзілі яго дзён 10 таму, таксама ўсяго бруднага і абадранага. І дзе яны такіх знаходзяць? Увесь час мыкае нешта. Жыве у асноўным інстынктамі: пад’есьці, схадзіць у прыбіральню і г.д. Але патроху выхоўваецца. Навучыў я яго мыць рукі пасьля прыбіральні. Стымул — цыгарэта…”