“Маглі вывесьці ў калідор і надаваць палкай па нырках”

Былыя палітвязьні Васіль Лявонаў, Уладзімер Кудзінаў і Аляксей Шыдлоўскі – пра турэмныя ўмовы.

Экс-міністар Васіль Лявонаў. Быў зьняволены 11 лістапада 1997 году, выйшаў на свабоду 5 кастрычніка 2000 годую. Правёў за кратамі 1060 дзён

Успамін пра Вааладарку.

«Аднойчы на Валадарцы пасадзілі мяне ў адну камэру з такім 45-гадовым "прыгажуном" -- рэцыдывістам у наколках. І мне гэты сусед сказаў: “Я камуністаў рваць буду!”. Я стаў перад ім і спакойна адказаў: “Калі ласка, пачынай, ірві”. Я ведаў, што па-за камэрай усё падслухоўваюць. Чакаю, што будзе рабіць ён і тыя, якія на калідоры. Сусед пакрычаў, пабегаў. Аднак з таго часу, мне ніхто не пагражаў.

Яшчэ мяне паілі нейкімі псыхатропнымі прэпаратамі, якія адбіваюць памяць. Прыйшоў нейкі сьледчы, размаўляў са мной. Гаварылі, пілі ваду. У камэры заўсёды адчуваеш смагу. Ня памятаю, як страціў прытомнасьць і што са мной было. Калі прыйшоў у сябе, пачуў, як начальнік гучна скандаліў з тым чалавекам. Вось так гэта было. Вырубілі з той мэтай, каб я пачаў штосьці гаварыць. Што, ня ведаю. Аднак я быў ўпэўнены ў сабе, што нічога такога супраць сябе і сваіх блізкіх я сказаць ня мог».

Экс-дэпутат Уладзімер Кудзінаў. Быў зьняволены 5 лютага 1997 году, выйшаў на свабоду 5 лютага 2001 году. Правёў за кратамі 1461 дзень.


Успамін пра менскую калёнію

“Мяне пакаралі, але пакуль не карцэрам, а толькі прызначылі месьці турэмны двор. Я ж сказаў, што лічу гэта асабістай зьнявагай, бо адзін буду месьці, а на мяне ўсе будуць пальцам тыкаць. Я ж не адмаўляўся месьці двор разам з іншымі асуджанымі падчас уборкі тэрыторыі, але не адзін. Вось ужо за гэта мне далі 7 сутак карцэра. Упершыню. Складанасьці былі. Прыкладам, пабачыў, як ад холаду літаральна трасуцца часткі тулава. Спаць давялося перапынкамі, па 20 хвілін. Прасыпаесься і робіш зарадку, каб сагрэцца. Бо тэмпэратура ў карцэры -- 7 градусаў цяпла. Але нічога, я ж мужчына, можна вытрымаць.


Другі раз мяне схілялі пісаць заяву аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, а ў выніку далі халодны карцэр. Гэтым разам я абвясьціў галадоўку, запатрабаваў людзкіх умоў. Дапамагло. Праз дзень мяне перавялі ў карцэр з тэмпэратурай 16 градусаў. Дактары прыходзілі кожную раніцу і замяралі тэмпэратуру”.


Аляксей Шыдлоўскі. Быў зьняволены за графіці палітычнага зьместу 25 жніўня 1997 году, выйшаў на свабоду 23 лютага 1999 году. Правёў за кратамі 548 дзён.

Успамін пра турму і сьледчы ізалятар.

“У Жодзінскай турме, дзе я сядзеў да суду, ахоўнікамі былі сапраўдныя каты. Ну як каты? Сялянскія хлопцы, якім далі ў рукі палкі і бязьмежную ўладу над вязьнямі. Маглі вывесьці ў калідор і надаваць палкай па нырках, маглі ўзяць вядро вады і выліць на асабістыя рэчы, ці заліць пол у камэры, каб потым кружкамі вычэрпвалі ваду.

Потым мяне перавялі ў менскі ізалятар на Валадарскага, якім тады кіраваў Алег Алкаеў. Паводле маіх зьвестак, гэта ён загадаў перавесьці мяне з падвалу ў камэру на 4-м паверсе, дзе хаця б было нейкае паветра. Бо ўнізе можна было натуральна згніць. Там любая рана не загойваецца, а пашыраецца. Калі б былі добрыя вітаміны, яшчэ магчыма было б ўратавацца. Але вітамінаў ніякіх не давалі. Бінты давалі і ўсё”.