“Дробныя хуліганы” судзяцца з ўладамі Берасьця

Група актывістаў падала ў суд Берасьця скаргу на адмову ўладаў дазволіць Марш дробных хуліганаў. Такім чынам удзельнікі хацелі звярнуць увагу на шальмаваньне палітычна актыўных грамадзянаў з дапамогай артыкулу аб хуліганстве. Суд адбудзецца сёньня.
Стала ўжо завядзёнкай, што напярэдадні значных грамадзка-палітычных падзей актывістаў апазыцыі арыштоўваюць за “дробнае хуліганства”: ці тое лаяўся матам, ці тое з некім пабіўся, ці то суседзяў пакрыўдзіў. У Берасьці падобныя “дробныя хуліганы” хацелі зьвярнуць увагу на такую практыку. Гаворыць адзін з заяўнікаў, праваабаронца Раман Кісьляк:
“Гэта цэлая праблема. Людзей адвольна затрымліваюць і вінавацяць у дробным хуліганстве. Фальсыфікуюць доказы, і людзі апынаюцца ізаляванымі перад масавымі акцыямі. Гэта набыло ўжо масавы і сыстэмны характар. Я і мае калегі намерваемся змагацца з тым, каб гэтая практыка была спыненая”.
Аднак адміністрацыя Берасьцейскага гарвыканкаму забараніла акцыю на той падставе, што заяўнікі, нібыта, вызначылі для гэтага непрыдатнае месца ў цэнтры гораду. Вось як гэта камэнтуе супрацоўніца аддзелу ідэалёгіі:
“Кожны мае канстытуцыйнае права зьвярнуцца, яны зьвярнуліся. Мы ім адказалі, паводле закону аб зваротах грамадзян”.
Берасьцейскія актывісты, якія паставілі свае подпісы ў судовай позве, а іх 19 чалавек, цьвердзяць: гэта ня першая забарона на масавыя акцыі з боку ўладаў Берасьця. І нават ня першы раз палітыкі і праваабаронцы спрабуюць абскардзіць дзеяньні чыноўнікаў у судзе, кажа Раман Кісьляк:
“Нам адмовілі таму, што палітыка ўладаў скіраваная на тое, каб ізаляваць публічнае выказваньне меркаваньняў і публічнае выказваньне пратэстаў. Рана ці позна, але мы даможамся, каб гэтае рашэньне было адмененае, каб людзі маглі пратэставаць у цэнтры, у людным месцы”.
Сытуацыю камэнтуе праваабаронца Алесь Бяляцкі:
“Сама ідэя мне вельмі падабаецца, бо яна больш нагадвае флэш-моб. “Марш “дробных хуліганаў” – ён абвастрае гэтую праблему і паказвае ўсю абсурднасьць вось гэтых амаральных паводзінаў уладаў Беларусі. Думаю, канечне, што ўлады будуць старацца, асабліва зараз, падчас выбарчай кампаніі, не дапусьціць такую акцыю”.