М. Халезін: “Мы блытаем аднаго чалавека з усім народам”

Грамадзкаму рэдактару гэтага тыдня Мікалаю Халезіну 44 гады. Служыў у войску, кінуў так званы “наргас”, калі зразумеў, што ягонае прызваньне – творчасьць. Працаваў у першых беларускіх незалежных выданьнях, займаўся палітычным кансалтынгам, напісаў некалькі п’ес. А ў 2005 годзе з жонкай Натальляй Калядой яны арганізавалі Свабодны тэатар – незалежны калектыў, які ня мае ў Беларусі фінансаваньня, уласнай сцэны і памяшканьняў для рэпэтыцый. Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. 10 сьнежня 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай рэспублікі. А 13 красавiка 2008-га ў Салоніках ім уручылі прэмію «Эўропа – тэатру».

У нядзелю прагучыць перадача на замоўленую спадаром Халезіным тэму: «Што думае беларуская грамада пра магчымасьць эміграцыі».


А сёньня Мікалай Халезін падсумоўвае вынікі тыдня.

– Падыйшоў да канца тыдзень, і хочацца ўзгадаць, што ж на ім адбылося?

Аднак я так і ня ведаю, што менавіта адбылося? Таму што зноў ня здарылася перакрыжаваньня існага: чарговым разам не супалі важнейшыя сацыяльныя маршруты – народ ідзе ў адзін бок, а ўлада ў другі…

Напрыклад, улада пераконвае нас, што крызісу няма. А людзі цьвердзяць іншае: ён ня проста грукае ў шыбы, а ўжо ўвайшоў у нашыя дамы!..

Ці слухаем пра тое, што Беларусь зараз вітае эўрапейцаў, якія едуць і едуць да нас. Праўда, як я бачу – пакуль толькі ў выглядзе футбалістаў зборнай Ангельшчыны. Да таго ж трэба ўдакладніць: мы ня можам адказаць гэтым спартоўцам на самае простае пытаньне – чым слаўная нашая краіна? Чаму брытанцам некуды ў «эўрапейскай» сталіцы падацца, акрамя як на стадыён, дзе фаварытам іхняя зборная?..

Мы, канечне, усё ж нешта асэнсоўваем…

Але істотна важна, што гэтае асэнсаваньне не выходзіць на газэтныя старонкі.

Гэтага няма і на тэлевізіі.

У выніку мы зноў блытаем уладу з краінай.

Мы зноў блытаем нейкага аднаго чалавека з усім народам.

Вось народ і жыве па свой бок, а ўлада – па свой.

І пакуль нашыя маршруты ня стануць перакрыжоўвацца штодня, мы так і не асэнсуем таго, што адбываецца ў нашай жа краіне.