Сёньня судзяць маладафронтаўцаў

У судзе Ленінскага раёну Менску сёньня будуць судзіць моладзевых актывістаў, якіх затрымалі 7 лістапада насупраць будынку КДБ. Яны трымалі расьцяжку: “Камунізм пад трыбунал!”. Непаўналетніх адпусьцілі, а супраць пяці сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

У суд Ленінскага раёну, які знаходзіцца ў будынку Дома правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі прывязуць актывістаў “Маладога фронту” Насту Палажанку, Тацяну Шапуцьку, Насту Лойку, Аляксея Янушэўскага і Антона Русіна.
Трое сутак яны правялі ў камэрах турмы на вуліцы Акрэсьціна.

7 лістапада маладафронтаўцы, сярод якіх былі непаўналетнія сябры арганізацыі, каля помніка Феліксу Дзяржынскаму разгарнулі расьцяжку: “Камунізм пад трыбунал”. Літаральна праз некалькі хвілінаў спэцназаўцы затрымалі ўдзельнікаў пікету. Потым з міліцыі непаўналетніх забралі бацькі, а на трох дзяўчат і двух хлопцаў міліцыянты склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Бацькі затрыманых спадзяваліся, што міліцыянты ўсіх адпусьцяць і дадуць ім позвы ў суд, але, калі ўбачылі, што ў іх забралі асабістыя рэчы, рамяні і шнуркі, стала зразумела, што ўсіх адвязуць у турму.

Гаворыць лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч


“Тая хваля рэпрэсіяў, якая абрушылася на сяброў і лідэраў “Маладога фронту” яшчэ ў 2006 годзе працягваецца дагэтуль. На нейкі час, сыходзячы з асабістых інтарэсаў, Лукашэнка яе прыпыняў, прысуджаючы паводле 193-га артыкулу штрафы. Нейкі час нас выпускалі. Але сутнасьць рэжыму не мяняецца.

Мы пра гэта гаварылі, калі выходзілі з турмы, бо ў той жа час пачыналіся новыя крымінальныя справы супраць нашых паплечнікаў”.

Актывісты “Маладога фронту” два гады застаюцца пад пільнай увагай спэцслужбаў. Дзесяць чалавек прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. У рэгіёнах час ад часу выклікаюць на допыты кіраўнікоў філій.

У Полацку міліцыянты дапыталі некалькі актывістаў “Маладога фронту”, сярод якіх Кацярына Жогаль, Дзяніс Хабіраў, Зьміцер Сакалоў, Карэн Платонаў і Мікола Дземіденка.

Мікола Дземідзенка апавёў “Свабодзе”:

“Сьледзтвам займаюцца супрацоўнікі міліцыі. Выклікаюць на допыты да Івана Крахоткі, якія дапытваецца пра дзейнасьць “Маладога фронту”, асабліва падчас апошняй кампаніі байкоту, а таксама й папярэдніх. Запытваецца, чым займаецца “Малады фронт”, пра актывістаў Салаўёву, Дземідзенку, Круткіна... Звычайныя пытаньні.

Лічу, што гэта ад таго, што ў Полацку структура адна з мацнейшых у краіне. Пашырылася колькасьць сябраў. Рух толькі ўзмацняецца. Вось яны й вымушаныя прымаць некаторыя меры”.

Паплечнікі Насты Палажанкі, Тацяны Шапуцькі, Насты Лойкі, Аляксей Янушэўскага і АнтонаРусіна будуць чакаць іх у судзе ад 8 раніцы. Назіральнікі лічаць малаверагодным, каб пасьля трох сутак знаходжаньня ў турме маладафронтаўцаў пакаралі штрафамі. Ім падрыхтавалі цёплыя рэчы і прадметы асабістай гігіены.