У Гомелі кіроўца зьбіў на прыпынку трох чалавек і ўцёк

  • БелаПАН
Каля 15-й газдіны 16 лістапада ў Гомелі кіроўца “Мэрсэдэса” ня даў рады кіраваньню й учыніў наезд на прыпынак грамадзкага транспарту “Абласная бальніца”.

Як паведамілі БелаПАН у абласной управе ДАІ, у выніку ДТЗ пацярпелі тры чалавекі, якія былі на прыпынку. У цяжкім стане яны былі шпіталізаваныя. Адна з пацярпелых памерла ў прыёмным аддзяленьні бальніцы. За жыцьцё маці й ейнай шасьцігадовай дачкі змагаюцца дактары, абедзьвюм зрабілі апэрыцыі. Кіроўца зь месца здарэньня ўцёк.

Машына таксама разьбіла лядоўню з напоямі, якая стаяла каля шапіка на прыпынку. З рознымі траўмамі ў бальніцу зьвярнуліся іншыя пацярпелыя. Пасьля аказаньня дапамогі іх адпусьцілі дахаты.

Паводле слоў відавочцаў, дарогу перад “Мэрсэдэсам” перабягаў чалавек, аўтамабіль вывернуў у бок і ня змог затармазіць з-за коўзкай дарогі. Пасьля аварыі некалькі маладзёнаў кінуліся хапаць пляшкі, што вываліліся з разьбітае лядоўні, паведамляе БелаПАН.