Крысьціна Шацікава кажа, што яе зьбілі за антыфашызм

Крысьціна Шацікава

13 сьнежня магілёўскую актывістку Крысьціну Шацікаву зьбілі на канцэрце “Брыгадны падрад”. Актывістка сьцьвярджае, што ахоўнік канцэрту моцна ўдарыў яе ў твар пасьля таго як яна выказала сваю думку наконт выступу аднаго з гуртоў. Паводле спадарыні Шацікавай, кампазыцыя гурту прапагандавала фашызм і вынішчэньне малых народаў вялікімі.

Актывістка прызнае, што парушыла парадак на канцэрце, калі забрала ў вядоўцы мікрафон, каб выказацца:

“Я проста не прымаю для сябе ні прыхільнікаў фашызму, ні самога фашызму.
Я апрытомнела ўжо ў бальніцы.
І калі я, дарэчы, ужо мікрафон аддала, падбеглі ахоўнікі і адзін зь іх мяне ўдарыў, і я страціла прытомнасьць. Ён мне патрапіў у брыво. Я апрытомнела ўжо ў бальніцы”, — зазначае Крысьціна Шацікава.

Ад шпіталізацыі актывістка адмовілася. Паводле яе, арганізатары цяпер распаўсюджваюць праз інтэрнэт чуткі, што яна наркаманка й што мэдыкі гэта нібыта пацьвердзілі:

“Мне давялося сёньня падняцца на ногі. Я паехала ў наркалёгію й атрымала даведку пра тое, што я не зьяўляюся ні алькаголікам, ні наркаманам”.

Актывістка зьбіраецца падаваць скаргу ў міліцыю на арганізатараў канцэрту з тым, каб прыцягнуць іх да адказнасьці.