Пашпарты грамадзянаў БНР у гарадзенскім Новым замку

У Горадні адкрылася выстава, прысьвечаная 90-годзьдзю БССР. Адлюстраваны ў ёй і пэрыяд існаваньня БНР. У прыватнасьці, прадстаўлены бел-чырвона-белы сьцяг БНР часоў эміграцыі ўраду: паабапал чырвонага паса — чорныя стужкі. Працуе юбілейная выстава ў Гісторыка-археалягічным музэі, у Сэнатарскай залі Новага каралеўскага замку.

Карэспандэнт: “Арганізатар выстаўкі — Рыта Венедыктаўна Янчалоўская, загадчыца аддзелу гісторыі. Што на гэтай выставе ёсьць, якія экспанаты?”

Арганізатарка выставы Рыта Янчалоўская.

Янчалоўская: “На гэтай выставе прадстаўлена больш за тысячу прадметаў: і пэрыядычныя выданьні 1918-39 гадоў, вельмі цікавыя дакумэнты 1918-19 гадоў, і арыгінальныя мапы Беларусі 1919 году. І яшчэ мапа, якая заслугоўвае ўвагі наведнікаў — гэта мапа Эўропы 1923-24 гадоў, яна аддрукавана ў Варшаве. Што цікава, такой дзяржавы, як БССР, вы на ёй ня знойдзеце. Таму што на момант падпісаньня Рыскага міру 1921 году ўся Беларусь была падзелена паміж Другой Рэччу Паспалітай і Расейскай Савецкай Фэдэратыўнай Рэспублікай”.

Карэспандэнт: “Карацей, Польшча тады не прызнавала існаваньня Беларускай Рэспублікі?”

Пашпарты грамадзянаў БНР.

Янчалоўская: “Я не прэтэндую на такое сьцьверджаньне. Маёй мэтай было паказаць гісторыю стварэньня БССР. Я лічу, што пачынаецца яна з 1918 году, менавіта з таго моманту, калі быў падпісаны Берасьцейскі дагавор, па ўмовах якога значная частка тэрыторыі была акупавана Германіяй. Менавіта адсюль трэба адлічваць гісторыю незалежнай беларускай дзяржавы”.

Карэспандэнт: “БНР?”

Янчалоўская: “Ня столькі БНР, але, скажам, без БНР не было б БССР. Таму што БНР, я лічу, зьявілася тым каталізатарам, які і прывёў да стварэньня незалежнай дзяржавы”.

Карэспандэнт: “А можна паглядзець — дзе ў вас на выставе адлюстраваны пэрыяд існаваньня БНР?”

“Эмігранцкі” варыянт бел-чырвона-белага сьцягу.

Янчалоўская: “У нас тут прадстаўлены, зыходзячы з тых матэрыялаў, якія мае наш музэй, небагатыя экспанаты, але, я лічу, вельмі каштоўныя, і яны заслугоўваюць увагі наведнікаў. Самае цікавае, я лічу, гэта пашпарты грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі”.

Карэспандэнт: “Давайце паглядзім, яны ў гэтай вітрыне і выпісаныя на канкрэтных асобаў”.

Янчалоўская: “Так: на Клару і Лявона Зайцаў, гэта муж і жонка. Яшчэ ў нас ёсьць архіўныя копіі дакумэнтаў аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі, аб незалежнасьці. Трэба зазначыць, што за час існаваньня БНР яна была прызнаная дзесяцьцю дзяржавамі. Гэта, я лічу, немалаважна”.