Памерці ад прыватызацыі

Летась беларускі ўрад аб’явіў пра вельмі амбітны плян прыватызацыі. Мяркуецца, што за тры бліжэйшыя гады ўласьніка зьменяць бадай ці не 600 дзяржаўных прадпрыемстваў, сярод іх нямала такіх, якія могуць лічыцца флягманамі беларускай індустрыі. Што ні сказаць — масавая прыватызацыя. Магчыма, што і шокавая.

Ці не памрэ беларускі народ ад гэтага павальнага пераходу ў капіталізм?

Я не жартую.

Учора аўтарытэтны брытанскі мэдычны часопіс „The Lancet” апублікаваў дасьледаваньне, зь якога вынікае, што масавая і часьцяком шокавая прыватызацыя ў посткамуністычных краінах у першай палове 1990-х гадоў магла стаць прычынай павышанай сьмяротнасьці ў гэтых краінах.

Паводле спадароў Дэвіда Стаклера з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту, Лорэнса Кінга з Оксфардзкага ўнівэрсытэту і Марціна Маккі з Лёнданскай школы гігіены і трапікальнай мэдыцыны, якія прааналізавалі дадзеныя аб сьмяротнасьці ў 25 постсавецкіх і былых сацыялістычных краінах Цэнтральнай Эўропы, у першай палове 90-х гадоў у гэтым рэгіёне здарылася каля 3 мільёнаў заўчасных сьмерцяў, пераважна сярод мужчын у працаздольным узросьце.

Спадары Стаклер, Кінг і Маккі зьвязваюць прычыны гэтых сьмерцяў з раптоўным пераходам з сацыялізму ў капіталізм і з розным “шокавымі тэрапіямі”, якія датычылі імгненнай прыватызацыі.

Слова „зьвязваюць” — ключавое для разуменьня іхніх высноваў. Рэч у тым, што ў статыстычным аналізе, якім яны займаліся, амаль немагчыма ўстанавіць наўпроставую сувязь паміж прычынай і вынікам. Пра гэта спадар Стаклер выразна сказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

„Мы былі вельмі асьцярожныя ў нашым артыкуле, кажучы, што масавая прыватызацыя была „моцна зьвязаная” або „спалучаная” з гэтым ростам сьмяротнасьці” — заявіў Стаклер.

А Марцін Маккі сказаў нашаму радыё, што папярэднія дасьледаваньні тлумачылі рост сьмяротнасьці павышаным алькагалізмам сярод рабочага люду посткамуністычных краінаў, горшым харчаваньнем і распадам дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя. Дык вось, усе гэтыя тры прычыны, паводле аўтараў згаданага артыкулу ў „The Lancet”, цяпер маюць адну галоўную прычыну — масавую шокавую прыватызацыю.

У Расеі, напрыклад, у дасьледаваным пэрыядзе сьмяротнасьць узрасла на 13 адсоткаў. Сьмяротнасьць таксама востра ўзрасла ў Казахстане, Латвіі, Літве і Эстоніі. Аўтары артыкулу не сумняюцца, што тут прагледжваецца „моцная сувязь” паміж заўчасным выміраньнем і прыватызацыяй.

А вось Беларусь тады так не вымірала, бо і прыватызацыі практычна не праводзіла. Стаклер растлумачыў нашаму радыё:

„Чаму алькагалізм і беспрацоўе ўзрасьлі нашмат больш у Расеі, чым у суседніх краінах, напрыклад, у Беларусі. Абедзьве краіны зьбіраліся зрабіць падобны пераход у капіталізм. Але Расея скарыстала раптоўны падыход, а Беларусь значна больш памяркоўны. Радыкальныя рэфарматары нават крытыкавалі Беларусь у свой час, называючы яе савецкім запаведнікам за тое, што яна рухаецца так павольна”.

Чаму алькагалізм і беспрацоўе ўзрасьлі нашмат больш у Расеі, чым у суседніх краінах, напрыклад, у Беларусі. Абедзьве краіны зьбіраліся зрабіць падобны пераход у капіталізм. Але Расея скарыстала раптоўны падыход, а Беларусь значна больш памяркоўны
Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і ягоныя дараднікі наўрад ці чытаюць „The Lancet”, так як мы ў Радыё Свабода. Але лорд Тымаці Бэл — магчыма, што гартае. Таму я не выключаю, што ў адным з бліжэйшых інтэрвію кіраўніка Беларусі мы можам пачуць важкі аргумэнт на карысьць беларускай эканамічнай мадэлі, заснаваны на дасьледаваньні салідных брытанскіх навукоўцаў у салідным мэдычным часопісе. Мёд у вушы.

O.K., гэта будзе зразумела. Але што далей? Адмяніць павальную прыватызацыю ў Беларусі ці ісьці да яе, так бы мовіць, па трупах?

Вось згаданыя мною аўтары цьвердзяць, што рост сьмяротнасьці, нягледзячы на жорсткую прыватызацыю, быў нашмат меншы ў такіх краінах, дзе людзі больш масава ўдзельнічалі ў розных формах сацыялізацыі, то бок, у арганізаваных формах грамадзкага жыцьця — у грамадзка-палітычных арганізацыях, прафсаюзах, царкоўным і спартовым жыцьці. На прыклад, у Польшчы і Чэхіі, дзе прыватызавалі без аглядкі, а людзі неяк менш паміралі. Бо былі больш арганізаваныя і кампанейскія.

Калі дараднікі кіраўніка беларускай дзяржавы прачытаюць гэты мой блог (і калі ім баліць душа за тое, што беларусаў нараджаецца менш, чым памірае), дык я не выключаю, што разам з пачаткам павальнай прыватызацыі беларускія ўлады могуць пачаць павальны ахоп насельніцтва членствам у БРСМ і „Белай Русі”. Каб народ не пачаў выміраць больш ударнымі тэмпамі.