Хто ўвойдзе ў Макееву раду?

Уладзімір Макей

Створаную пры адміністрацыі прэзыдэнта грамадзка-кансультатыўную раду ачоліў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. Запрашэньне ўвайсьці ў яе атрымалі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі.

У паведамленьні, якое распаўсюдзіла прэзыдэнцкая прэс-служба, гаворыцца, што рада зоймецца выпрацоўкай прапановаў у справе больш актыўнага далучэньня Беларусі да агульнасусьветных працэсаў, а таксама дзеля ўдасканаленьня кірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага разьвіцьця краіны.

Паводле афіцыйных крыніцаў, у склад рады ўвайшлі прадстаўнікі розных грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партый, хоць яе пэрсанальны склад пакуль не агучваецца. Прапанову ўвайсьці ў склад рады атрымаў праз тэлефон, да прыкладу, былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Прадстаўнік адміністрацыі папрасіў пэўны час не агучваць гэтую інфармацыю: маўляў, невядома пры якой структуры будзе створана рада — пры прэзыдэнту ці пры яго адміністрацыі.

Станіслаў Багданкевіч
“Я ня ведаю, зацьверджаны я ці не. Я прынцыпова даў згоду. Наша партыя заўсёды стаяла за дыялёг. Адзінае, каб не атрымалася так, што я там буду ў малой апазыцыі. Каб нас было ня меней, чым іх. А ён мне сказаў, што наадварот — “плянуецца, што вас будзе больш”.

Паводле намесьніка старшыні руху “За свабоду” Віктара Карняенкі, запрашэньне было ўспрынята як адрасаванае ўсяму руху, а ня пэрсанальна Аляксандру Мілінкевічу:

“Магчыма, што і Аляксандар Мілінкевіч можа ўвайсьці ў гэтую раду. Усё будзе залежаць ад статусу рады і ад яе мандату. Калі гэта будзе структура, якая будзе ўплываць на палітычныя рашэньні, то можа ў яе склад увайсьці Аляксандар Мілінкевіч. Мы павінны выкарыстоўваць усе новыя магчымасьці, новыя пляцоўкі, каб пашыраць наш уплыў на паляпшэньне сытуацыі ў Беларусі”.

У Партыі БНФ і ў ПКБ заявілі, што запрашэньня партыям не паступала. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

Вінцук Вячорка
“Наагул палітычныя партыі не атрымліваюць такіх прапановаў. А гэта азначае, што палітычныя партыі гэтая ўлада не разглядае як інстытуцыянальнага прадстаўніка пэўных грамадзкіх настрояў, пазыцыяў альбо групаў. Яны выхопліваюць па адным, выключна ў сваёй прыватнай якасьці. Яны самі выбіраюць, чым яшчэ раз спрабуюць паказаць, маўляў, хто тут гаспадар. Так што гэта ня ёсьць раўнапраўны дыялёг, гэта ёсьць паказуха.

Рэжым спрабуе ў новых умовах выжыць, не мяняючы сваёй сутнасьці. І таму ліхаманкава запазычвае ў абсалютна аналягічных рэжымаў тое, што прайшло там праверку. Усе гэтыя пацешныя групы, якія ніколі нічога ня будуць вызначаць — гэта беспасярэднія аналягі расейскай Грамадзкай палаты”.

Запрашэньне ўраду атрымалі таксама лідэр дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка ды іншыя асобы.