Франак Вячорка: “Закон-адзіны для ўсіх”

Лідэр Моладзі БНФ патлумачыў, чаму не хацеў ісьці ў войска.
Франак Вячорка напісаў адкрыты ліст, у якім патлумачыў, чаму не хацеў ісьці служыць у войска.
“Калі нешта не падабаецца — паспрабуй гэта зьмяніць, -- лічыць моладзевы лідэр. -- Многія зьехалі з краіны, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, і толькі адзінкі кінулі сыстэме выклік. Я не адмаўляю войска. Але мне не падабаецца, як яго выкарыстоўваюць ў якасьці палітычнай расправы, як забіраюць у маладых людзей найлепшыя гады жыцьця”.
У сваім лісьце Франак Вячорка піша, што ён хацеў перад службай атрымаць адукацыю, але яго выключылі з БДУ, а адтэрміноўку з прычыны навучаньня ў ЭГУ яму не далі.
“Закон – адзіны для ўсіх, -- піша Вячорка. -- Нягледзячы на гэта, квітнее карупцыя й хабарніцтва. Ад прызыўнікоў чуў, што “адкос” каштуе 1500-2000$. А для тых, хто пры “сувязях”, дастаткова аднаго званка. Паводле радыёкропкі, конкурс у армію — 8 чалавек на месца. Дык пры такім конкурсе можна сфармаваць моцнае прафэсійнае войска, а не займацца прафанацыяй. Хіба не?”
Франак Вячорка піша пра стан свайго здароў’я: “Я двойчы ляжаў у Рэспубліканскім вайсковым шпіталі, наслухаўся розных гісторыяў... Гэтага пабілі, у гэтага — сардэчны прыступ, у гэтага — траўма ад няспраўнасьці абсталяваньня і г.д. Здаецца, і вайны не вядзем, а койкі ўсе занятыя. Намесьнік начальніка шпіталя палкоўнік В. Жарын у інтэрв’ю БТ сказаў, што толькі 30% салдатаў — здаровыя. Як жа мы з такім войскам будзем бараніць Радзіму?”
Цалкам ліст Франака Вячоркі можна прачытаць тут.