Чубрык: “Урад позна спахапіўся з прыватызацыяй”

Віталь Цыганкоў
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, выступаючы 10 лютага на паседжаньні прэзыдыюму ўраду ў Менску, запатрабаваў сыстэмнай працы па акцыянаваньні дзяржаўных прадпрыемстваў і продажы акцыяў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці. А старшыня Дзяржкаммаёмасьці Георгій Кузьняцоў заявіў пра неабходнасьць удасканаліць заканадаўства аб прыватызацыі з мэтай актывізацыі гэтага працэсу. Ці ўдасца ў Беларусі ў сёньняшніх умовах тэрмінова паскорыць прыватызацыю? Хто можа купіць беларускія прадпрыемствы? На гэтыя пытаньні адказвае Экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Цыганкоў: “Прэм’ер-міністар гаворыць пра паскарэньне прыватызацыі. Але наколькі падрыхтаваная заканадаўчая база Беларусі для гэтага? Ці рэальна зрабіць гэта даволі хутка?”

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “Галоўнае тут ня ў тым, ці падрыхтаванае заканадаўства. Гаворка ідзе пра тое, ці наагул атрымаецца зараз зрабіць прыватызацыю, прадаць нешта нармальным інвэстарам. Цяпер у сьвеце вельмі шмат хто хоча прадаваць прадпрыемствы, бізнэсы, банкі — што заўгодна. І Беларусь на гэтым фоне выглядае далёка ня самай прывабнай краінай.

Тое, што ўрад цяпер спахапіўся — дык трэба было спахапіцца як найменш на пачатку мінулага году. Калі б яны тады прадалі некалькі прадпрыемстваў, да якіх была вельмі вялікая цікавасьць, — то мелі б даволі вялікія грошы. А цяпер яны хапаюцца за нейкую апошнюю ратавальную надзею“.

Цяпер у сьвеце шмат хто хоча прадаваць прадпрыемствы, бізнэсы, банкі. І Беларусь выглядае далёка ня самай прывабнай краінай.
Цыганкоў: “Можа, урад спадзяецца не на замежных інвэстараў, а на беларусаў, якія зараз, на фоне эканамічнай лібэралізацыі ў краіне, выцягнуць свае грошы на сьвятло?”

Чубрык: “Не, няма такіх людзей. У час крызісу ні ў кога грошай няма, а тым больш у беларусаў. Тым болей я ня думаю, што тыя беларусы, якія маюць грошы, будуць укладаць іх у беларускую эканоміку і прамысловасьць. Так што гэта ў прынцыпе слушныя намаганьні ўраду, заканадаўства мусіць лібэралізавацца, мусяць рабіцца спробы прадаць дзяржаўныя прадпрыемствы — але, на жаль, наўрад ці што з гэтага атрымаецца.

Цыганкоў: “На паседжаньні кабінэту міністраў таксама прагучала ідэя пакончыць нарэшце з чэкавай прыватызацыяй. Наколькі гэта рэальна?”

Чубрык: “Цяжка сказаць, як зь ёй пакончыць, бо амаль палова чэкаў застаецца на руках у насельніцтва. Таму з гэтым так хутка ня скончыш”