Крызіс можа зачыніць дом састарэлых

У райцэнтры Сянно гэтага ж рэгіёну скарачаецца фінансаваньне Дому састарэлых.

Фінансавы крызіс дакаціўся да адзінага аддзяленьня кругласутачнага знаходжаньня адзінокіх састарэлых у Сеньненскім раёне на Віцебшчыне.

У гэтым доме састарэлых на тэрыторыі Ходцаўскага сельсавету дажываюць век 20 бабулек. Абслугоўваюць іх 14 чалавек.

Дзяжурная Раіса Пальчык кажа, што ў доме, дзе раней была ўчастковая лякарня, ёсьць сталы догляд й харчаваньне. Таму і шмат ахвотных трапіць на такі пансіён:

“Чалавек 15 яшчэ просяцца сюды”, — кажа Раіса Пальчык.

Некаторыя з бабулек кажуць, што толькі дзякуючы гэтаму сацыяльнаму прыстанку яшчэ, як гаворыцца, тупаюць нагамі. Прызнаецца 80-гадовая спадарыня Ларыса Краўчанка:

“У мяне радыкуліт, ногі мерзнуць. Як дома скруціла, то тры дні ў адзіноце пакутавала. Вады нават не было. Тады ж патэлефанавала ў Сянно, і мяне забралі сюды. Тут падлячылі, і нават трохі хаджу”.

“Плацілі раней 380 тысяч рублёў заробку, а цяпер — 280 тысяч”

Пакуль не пачаўся крызіс, сацыяльная ўстанова для нямоглых вяскоўцаў фінансавалася пераважна за кошт пэнсіяў пацыентаў. Абслуга атрымоўвала заробак зь бюджэту.

“Нам спачатку плацілі па 380 тысяч рублёў у месяц — я лічу, што няблага для нашай мясцовасьці. А са студзеня заробак стаў зусім маленькі — усяго 280 тысяч. Усе прэміі спынілі”, — кажа Раіса Пальчык.

Са слоў суразмоўцы, пэрсанал дому састарэлых вусна і пісьмова зьвяртаўся да дырэктаркі раённага цэнтру сацыяльнай дапамогі Тамары Сьмірновай.

Пагутарылі з начальніцай і мы. Тамара Сьмірнова ва ўсім вінаваціць крызіс:

“Такое ж ня толькі ў нас. Гэта ж крочыць па ўсёй краіне. Навошта ж на гэтым зацыклівацца?!”

Спадарыня Сьмірнова запэўніла, што правядзе з пэрсаналам абслугі дому састарэлых яшчэ адзін сход. Патлумачыць, што ў дробных заробках малодшых мэдычных сясьцёр нібыта вінаваты глябальны фінансавы крызіс.