Тры дні да абвінавачваньня

Віктар Макуць, галоўны мэханік кампаніі “Сьціф-Транс”, быў арыштаваны ў Ваўкавыску ў панядзелак і дастаўлены ў менскую турму на Акрэсьціна. Пакуль вядома толькі, што яго затрымалі ў справе Аўтуховіча.

СЛУХАЦЬ:


Алена Макуць, жонка затрыманага, распавядае, што ўчора прыехалі некалькі чалавек, рабілі ператрус у доме, прыбудоўцы і нават езьдзілі на лецішча. Знайшлі некалькі старых патронаў ад паляўнічай стрэльбы і забралі іх.

На думку спадарыні Макуць, яе мужа арыштавалі толькі за тое, што ён доўгі час працаваў разам зь Мікалаем Аўтуховічам. Зараз яна ў вельмі цяжкім стане і нават не магла назваць тых, хто забіраў яе мужа.

Макуць: “Забралі, і ўсё. Сказалі, што праз тры дні затэлефануюць і скажуць, якія прад’яўляюць абвінавачаньні. Прабачце, але больш я не магу гаварыць, не магу, усё...”

Яна дадала, што ў мужа высокі ціск нырак, а яна нават ня бачыла, ці ўзяў ён з сабою лекі. Сама яна зараз не працуе, а даглядае сваю старую маці, якая ляжыць паралізаваная і амаль страціла зрок.

У фірме “Сьціф-Транс” сёньня няма нікога з кіроўцаў, хто добра ведае Віктара Макуця — усе ў рэйсах. Але дыспэтчар коратка ахарактарызаваў яго наступным чынам.

Спадар: “Макуць — нармальны мужчына, сем’янін, у яго двое дарослых дзяцей, і папросту нармальны чалавек...”

Нагадаю, што Віктара Макуця ўжо дапытвалі 8 лютага — у той дзень, калі затрымалі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку.

Фірма “Сьціф-Транс” займаецца грузаперавозкамі і арандуе памяшканьне там, дзе працаваў Мікалай Аўтуховіч.

Алег Воўчак
Са слоў праваабаронцы Алега Воўчака, сьледчыя зараз заявілі, што тым разам Макуць мог нешта схаваць ад сьледзтва і не пра ўсё распавесьці.

“Хутчэй за ўсё, яго хочуць затрымаць на тры дні, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю пад псыхалягічным ціскам”.

Нагадаю, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. У іхных кватэрах адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскае СІЗА.

Паводле інфармацыі МУС, затрыманыя падазраюцца ў арганізацыі і зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў. У прыватнасьці, было паведамлена пра падпалы і падрывы маёмасьці дзяржаўных службоўцаў.

Такім чынам яны нібыта помсьцілі за перасьлед іхнай фірмы. Пазьней БТ паведаміла, што пры ператрусах у затрыманых знайшлі выбухоўку і агнястрэльную зброю.

Усім тром прад'яўлены абвінавачанні паводле артыкула 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці).

Родныя арыштаваных кажуць, што ніякіх зьвестак пра ход сьледзтва ім не паведамляюць.