“Цьвярозы” суботнік у Гомелі

Настаўнікі фарбуюць плот

Сёньня ў Гомелі рэспубліканскі суботнік ладзіўся ў зьвязку з днём цьвярозасьці. Гарвыканкам распарадзіўся не прадаваць сьпіртовыя напоі ды піва з 8 да 23 гадзін.
Гандляры гарэлачна-вінных аддзелаў сядзелі ў крамах ўвесь дзень бяз справы.

47-гадовы будаўнік спадар Уладзімер на суботнік не пайшоў. Ня бачыць патрэбы:

“Выйдзеш ты ці не, усё роўна ў цябе сярэдні заробак за дзень вылічаць. Дык чаго мне йсьці? Значыць, я павінен пайсьці альбо гарэлкі папіць, альбо час свой змарнаваць. Я лепей дома што-небудзь зраблю. Суботнік — гэта ж добраахвотная праца! Значыць, не прымусовая — хачу альбо не хачу прыйсьці й зрабіць нешта бясплатна. Не прымушаць жа мяне на суботнік ісьці?!”

Швэйнікі «Камінтэрну» парадкуюць клюмбы

Такую ахоўную грамату, як у будаўніка, — вылічаны сярэднядзённы заробак — меў далёка ня кожны гараджанін.

Спадарыня Ірына з заводу “Гідрапрывад” кажа, што не пайсьці сёньня прыбіраць заводзкую тэрыторыю ніяк нельга было:

“Нельга! Пазбавяць прэміі, калі ня выйсьці на суботнік. Замкнёнае такое кола”.

Дарожнікі на праспэкце Леніна


На суботнік выходзілі сёньня дэманстраваць, так бы мовіць, “вялікі пачын” нават тыя прадпрыемствы, якія працуюць чатыры дні на тыдзень. Адно зь іх — завод пускавых рухавікоў імя Панамарэнкі. Прыбіралі сквэрык, што прылягае да прахадной, пад музыку, якая разьлівалася наўкола з узмацняльнікаў гуку.

Суботнік у сквэры ля заводу пускавых рухавікаў

Рабочы люд ня супраць прыбраць тэрыторыю, каб было чыста. Але ня ўсе падзяляюць забарону на продаж алькаголю ў крамах. Адзін з машынабудаўнікоў так пакамэнтаваў забарону:

“Я да гэтага стаўлюся нэгатыўна. Чаму ўсюды забаранілі продаж сьпіртовых напояў? Гэта перабор! Гэта абмежаваньне нашых правоў! Трэба дамагацца, каб чалавек сам ня йшоў купляць”.

Некаторыя гамельчукі старэйшага пакаленьня выйшлі на суботнік таму, што лічаць гэта “сьвятой справай”. Аднак да арганізатараў маюць прэтэнзіі.

Удзельнік суботніку, які шчыраваў на ўборцы тэрыторыі ў цэнтры гораду, апавёў:

“Гэта сьвятое — Ленін хадзіў на суботнік. На сёньняшні дзень няўмекі і на кіроўных пасадах сядзяць, і па вуліцах ходзяць. А мы, працоўны люд, адныя ўкалваем. Паглядзіце, што робіцца — міліцыя, АМАП, армія. А колькі бардаку?! Дайцё мётлы бандытам! Вы іх прымушайце!”

Што да цьвярозасьці, то ўжо ў першай палове дня гараджанаў на добрым падпітку можна было бачыць нават у грамадзкім транспарце. Адзін з такіх сьцьвярджаў: “Алькаголікаў няма, ёсьць аматары выпіць. Я аматар выпіць, і я выпіў”.