Беларускія малочнікі Маскве ня вераць

Беларускія малаказаводы аднаўляюць пастаўкі сваёй прадукцыі ў Расею. Кіраўніцтва прадпрыемстваў зьбіраецца рабіць высновы з чэрвеньскага гандлёвага супрацьстаяньня з усходнімі партнэрамі.

Масква

Крама “Сябры” не дачакалася малака зь Беларусі


У Маскве ля станцыі мэтро “Бяляева” месьціцца крама зь беларускай назвай “Сябры”. Кажуць, што крама здабыла папулярнасьць у масквічоў дзякуючы беларускім харчам. Але сёньня пакупнікі былі расчараваныя. У другой палове дня маскоўская прадавачка Аксана ўсё яшчэ чакала малако зь Менску:

“Спадзяемся, што яшчэ прывязуць. А пакупнікі сапраўды падыходзяць і пытаюцца. У нас жа былі раней беларускія малочныя прадукты: малако, тварог і масла. Натуральна, што людзі прызвычаіліся да такога тавару і цяпер цікавяцца ім, бо ён яшчэ і таньнейшы”.

Магілёў

Расейскія сэртыфікаты не дапамаглі ў крызіс фірме “Бабуліна крынка”


У Маскву завозіць малочныя прадукты магілёўская “Бабуліна крынка”. Што чуваць на гэтым прадпрыемстве?

Сапраўды, першым у рэгіёне аднавіла пастаўкі ў Расею магілёўскае акцыянэрнае таварыства “Бабуліна крынка”:

“Учора адправілі першую машыну масла. Яна расейскую мяжу прайшла безь перашкодаў. Сёньня мы грузім увесь асартымэнт нашай прадукцыі, у тым ліку й сухое малако. Аднак па сухім малаку нейкія ёсьць пытаньні. Вось мы спрабуем у інтэрнэце знайсьці нешта. Нібыта ёсьць забарона на сухое малако, альбо якіясьці сьпісы існуюць па прадпрыемствах — каму якой прадукцыі дазволены вываз”, — паведаміла супрацоўніца аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў прадпрыемства.

“Бабуліна крынка” не пастаўляла сваіх харчоў у Расею ад пятніцы. Амаль тыднёвы запас прадукцыі, сьцьвярджае суразмоўніца, не стварыў вялікага затаварваньня складу. Калі б малочны канфлікт зацягнуўся, то прадпрыемству давялося б прадаваць харчы ў Казастан і Ўкраіну, дзе малочныя прадукты значна таньнейшыя, чым у Расеі.

Паводле кіраўніцтва “Бабулінай крынкі”, сэртыфікаты ад расейскай санітарнай службы былі атрыманыя на ўсю прадукцыю яшчэ ў сьнежні 2008 году.

Другое паводле магутнасьці малакаперапрацоўчае прадпрыемства рэгіёну, “Асіповіцкі малочны камбінат”, таксама аднаўляе пастаўкі.

“Дазволілі сыры й масла, малако сухое пакуль не. Цэлы тыдзень мы нічога не грузілі. Пачынаем арандаваць склады ў Магілёве. Можа, дасьць Бог, масла пачнуць браць, і толькі малако сухое застанецца”, — паведаміла супрацоўніца аддзелу збыту прадпрыемства.

Не было праблемаў у прадпрыемства, якое ўжо належыць расейцам.
На Магілёўшчыне сем малаказаводаў і столькі ж іх філіяў. Зь іх толькі адно прадпрыемства ня мела праблемаў з пастаўкамі прадукцыі ў Расею — гэта горацкі масласыраробны завод, вядомы пад брэндам “Малочныя горкі”. Прадпрыемства належыць расейцам ад 2007 году.

Пра страты, якія пацярпелі малакаперапрацоўнікі ад малочнай вайны, афіцыйных зьвестак няма. Вядома, аднак, што яны ацэньваюцца не ў адну сотню мільёнаў рублёў.

Дэпутат вінаваціць чыноўнікаў мясцовай улады.
Страты былі б значна меншымі, каб малочнікі ў час парупіліся знайсьці іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі, заяўляе былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а цяпер дэпутат палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз:

“Нічога фактычна не было зроблена, каб за спрыяльны час сэртыфікаваць нашу прадукцыю паводле патрабаваньняў і стандартаў Эўрапейскага зьвязу. Гэта б дало зусім іншы маштаб дзеяньняў, зусім іншы ўзровень дзеяньняў”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

“Урок атрымалі сур’ёзны: будзем кіравацца ў іншыя краіны”


У выніку малочнай вайны Гарадзеншчына будзе шукаць новыя рынкі збыту.

Вось што, да прыкладу, сказалі мне ў аддзеле маркетынгу Наваградзкага масларобчага камбінату.

Спадарыня: “Пачынаем адгружаць масла і сыр на Расею, у Маскву”.

Карэспандэнт: “І колькі машын плянуеце сёньня адправіць?”

Спадарыня: “Плянуем, што сёньня адправім сем машынаў”.

Атрымаць камэнтары на іншых малочных заводах было цяжка. Спэцыялісты раілі не сьпяшацца рабіць высновы. Беларускія малочнікі не давяраюць Маскве.

На Шчучынскім сыраробчым заводзе слухаўку падняў галоўны інжынэр Генадзь Сінькевіч, але размовы не атрымалася. Ён пацьвердзіў,
што адгрузка прадукцыі вядзецца, і перапрасіў, што ня мае часу на размовы з журналістамі.

Сінькевіч: “Паслухайце, я, папраўдзе, ні на адно пытаньне не хачу адказваць, паколькі і так хапае перапалак і ўсяго астатняга. Вы нам нічым не дапаможаце, а толькі ўскладніце ўсе праблемы. А па-другое, прабачце, на размовы няма часу, паколькі хапае вытворчых пытаньняў”.

Стаміліся людзі ад гэтай гістэрыі.
На Бераставіцкім сыраробчым заводзе крытыкуюць пазыцыю Масквы. Вось што сказаў дырэктар прадпрыемства спадар Іван.

Спадар Іван: “Таму што стаміліся людзі. Мы ўчора дадаткова адсылалі пробы на аналізы, каб сёньня ўжо даставілі ў расейскія лябараторыі. Мы ўчора толькі а палове другой уначы разышліся — уяўляеце, што ўсю дакумэнтацыю давялося па-новаму рабіць. Я сёньня некаторым спэцыялістам дазволіў адаспацца да абеду. Стаміліся людзі ад гэтай гістэрыі, пазакідалі нас паперамі — цэлыя кіпы, а палова непатрэбныя, вось ляжаць у сьметніцы”.

Спадар Іван кажа, што ўчора цэлы дзень тэлефанавалі кліенты з Расеі і прасілі хутчэй адгружаць тавар — маўляў, таксама задаволеныя, што канфлікт скончыўся. Высновы з гэтага канфлікту зрабілі і на бераставіцкім прадпрыемстве.

Спадар Іван: “Мы ні ўва што ня ўмешваліся, чакалі вынікаў перамоваў, паколькі гэта ня наш узровень. Але ўрок атрымалі важны: будзем кіравацца з сваёй прадукцыяй і ў іншыя краіны”.