Пракаповіч абяцае стабільны месяц

Пётра Пракаповіч

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч заявіў, што курс беларускага рубля да кошыку валют ня будзе мяняцца, як мінімум месяц.

Пра гэта Пракаповіч паабяцаў падчас дакладу кіраўніку краіны аб рашэньні павялічыць межы дапушчальных ваганьняў курса беларускага рубля адносна кошыка валют з +/-5% да +/-10%, перадае прэзыдэнцкая прэс-служба.

Беларускі рубель цягам году будзе і ўмацоўвацца, і паслабляцца. У Нацбанку спадзяюцца, што неабходнасьць рэзкіх ваганьняў не ўзьнікне. Цяпер перадумовы для значных ваганьняў валютнага курса адсутнічаюць і няма неабходнасьці ні ў памяншэньні курса, ні ў яго ўмацаваньні. Цягам бліжэйшых месяцаў курс беларускага рубля адносна кошыку валют застанецца на ўзроўні, максымальна блізкім да таго, які склаўся сёньня.

Пракаповіч таксама праінфармаваў кіраўніка краіны, што банкі ў поўным аб'ёме зрабілі крэдытаваньне рэальнага сэктару эканомікі. За студзень-травень крэдытныя рэсурсы вырасьлі на 17%. Параўнальна зь мінулым годам яны вырасьлі ў 1,6 разы. Стабільна працуе плацёжная сыстэма.

Празь яе за 5 месяцаў гэтага года прайшло плацяжоў у 1,6 разы больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага года. Уклады ў банках ад пачатку года вырасьлі на 19%, а параўнальна са студзенем-траўнем 2008 года – амаль на 33%.

У краіне адбываецца хуткае памяншэньне тэмпаў інфляцыі. Калі ў студзені прырост спажывецкіх цэнаў склаў 4,1%, то ў траўні яны павялічыліся ўсяго 0,3%. Такая сытуацыя будзе складвацца і ў найбліжэйшы час.

Афіцыйны Менск чакае, што найбліжэйшым часам рада МВФ завершыць працэдуры, зьвязаныя з павелічэньнем крэдытнай лініі на 1 мільярд даляраў, а таксама выдзяленьні чарговай траншы стабілізацыйнага крэдыту МВФ. Таму ўжо сёлета Беларусь атрымае каля 2 мільярдаў даляраў ад МВФ.